Пенсіянера аштрафавалі за герб "Пагоня" на балконе (фота)

Напярэдадні велікодных святаў пенсіянер Мар'ян Місевіч з гарадскога пасёлка Падсвілле, што на Глыбоччыне, вырашыў упрыгожыць свой балкон выявай герба "Пагоня". Дарэчы, гэты герб цяпер з’яўляецца не толькі культурна-гістарычнай каштоўнасцю, але і афіцыйным гербам Віцебскай вобласці, распавядае Мар’ян Місевіч:

"Вясной, перад святамі, ёсць такая традыцыя, што людзі наводзяць парадак у дварах, дамах і так далей. І я вырашыў упрыгожыць свой балкон. Я размясціў на 3 м 10 см бел-чырвона-белы фон, па краях даў арнамент беларускі і па цэнтры — герб "Пагоня". Цяпер ён гістарычны і спадзяюся, што ён будзе дзяржаўным рана ці позна. Гэта прыгажосць прастаяла роўна тыдзень".

Мар’ян Місевіч жыве ў прыватным доме, таму кожны дзень у кватэры не бывае. Але перад самымі велікоднымі святамі, праязджаючы каля дома, ён заўважыў, што там штосьці не так. Паводле слоў спадара Мар’яна, "Пагоня" была запэцкана чырвонай фарбай. Пенсіянер стаў разбірацца, і высветлілася, што гэта было зроблена згодна з загадам кіраўніка мясцовай ЖКГ Захарэвіча, які раней кіраваў глыбоцкай міліцыяй.

"Я паехаў да Захарэвіча, ён мяне спачатку прыняў як пан жабрака, але калі я спытаў, на падставе якіх законаў ён так дзейнічаў, ён, мусіць, зразумеў, што перастараўся".

Пасля Мар’яна Місевіча выклікалі ў пасялковы савет. Там яму патлумачылі, што ён сапсаваў фасад будынка, а гэта — адміністрацыйнае парушэнне. Але справа тут не ў фасадзе, а ў сімволіцы, лічыць Мар'ян Місевіч:

"Усе людзі — у тым жа самым доме, у іншых дамах — будуюць лоджыі, перафарбоўваюць балконы і так далей, і ні ў каго няма ніякага дазволу".

21 траўня Мар’яна Місевіча аштрафавалі на 200 тысяч рублёў. Цяпер пенсіянер вырашае, выплачваць штраф ці абскарджваць яго.

Рубрыка “Самаабарона” спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі