Пераможца "Міс Беларусь-2006" жартуе: "У нас тата працуе, а мама — прыгожая"

Пераможца "Міс Беларусь-2006" жартуе: "У нас тата працуе, а мама — прыгожая"

На адкрыцці конкурса "Міс Беларусь-2016" Аляксандр Лукашэнка прарочыць светлую будучыню ўдзельніцам.

"Хочацца верыць, што грацыя і таланты фіналістак будуць запатрабаваныя і на тэлебачанні, і ў мастацтве, і ў іншых сферах дзейнасці".

Кацярыну Літвінаву дзесяць гадоў таму абралі самай-самай. Блакітнавокая ураджэнка Магілёва паспела папрацаваць мадэллю, спецыялістам па рэкламе, начальнікам аддзела маркетынгу ў кампаніі "Serge", мае эканамічную адукацыю. Але чатыры гады таму ў жыцці Кацярыны ўсё змянілася.

"Цяпер мая праца — быць мамай. Сыну Ягору 3,5 гады. Чатыры гады таму выйшла замуж, пасля з'явілася дзіця. Цяпер у нас тата працуе, а мама — прыгожая", — жартуе Кацярына.

Муж займаецца бізнесам, мае сетку цырульняў. Перамогу ў конкурсе Кацярына называе шанцам, якім трэба правільна скарыстацца.

Пераможца "Міс Беларусь-2006" жартуе: "У нас тата працуе, а мама — прыгожая"
Кацярына Літвінава, фота: kp.by

Выкладчыца дэфіле ў нацыянальнай школе прыгажосці Вольга Хіжанкова бярэ "міс Беларусь" восем гадоў таму. Пасля перамогі ў конкурсе Вольга мяняе родны Віцебск на Мінск, журналісты параўноўваюць яе з амерыканскай актрысай Шарліз Тэрон, але ў кіно дзяўчына пакуль не здымаецца.

"Ды амаль усё закранула гэтая перамога. Я працую як мадэль, выкладаю дэфіле, працую з падлеткамі, ёсць рэкламныя кантракты з брэндамі. Конкурсы прыгажосці не прадугледжваюць нейкага лёгкага хлеба, ды і прыгажосць — гэта не прафесія. Пасля перамогі ў такім конкурсе трэба працаваць утрая болей. Вядома, прапановы пасля перамогі ёсць, цікавасць СМІ. Але ў працы гэта не дапаможа", — апісвае цяперашняе жыццё Вольга.

Апошні вядомы здымак з удзелам Вольгі — ў часопісе Icоn. На ім Вольга разам з Юліяй Антропавай (пераможца 2004 года) дэманструюць майкі з нацыянальным арнаментам.

Пераможца "Міс Беларусь-2006" жартуе: "У нас тата працуе, а мама — прыгожая"
Вольга Хіжынкова, фота: fashionbank.ru, kp.by

Самай прыгожай беларускай сёлета стала Паліна Барадачова, гэты тытул перайшоў ёй ад зялёнавокай брунэткі са Смаргоні — Вікторыі Мігановіч. Цяпер Вікторыя жыве ў Мінску, выкладае ў Нацыянальнай школе прыгажосці, вучыцца на факультэце дзяржаўнага кіравання і права.

"Удзельнічаю ў паказах, здымках. Да перамогі ў мяне гэтага не было. Таксама працую ў фірме па сваёй спецыяльнасці, па юрыдычнай частцы", — апісвае Вікторыя.

Нацыянальны конкурс прыгажосці праходзіць у Беларусі раз на два гады. Пасля пераможца два гады лічыцца самай прыгожай, пакуль не перадасць тытул іншай красуні. У гэтыя два гады яна не можа выходзіць замуж і нараджаць дзяцей. Ва ўсім іншым нейкіх строгіх абмежаванняў няма.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі