Новая спадарожніца Лукашэнкі – фіналістка конкурсу прыгажосці "Міс БРІКС"

Алія Кароткая

Алія Кароткая / Інстаграм-акаўнт Аліі Кароткай

У Аляксандра Лукашэнкі з'явілася новая спадарожніца на публічных мерапрыемствах — маладая шатэнка. Гэта Алія Кароткая.

Як мяркуюць журналісты-расследвальнікі "Бюро", дзяўчына прыцягнула ўвагу кіраўніка Беларусі на конкурсах прыгажосці. Яна паспела паўдзельнічаць ужо ў некалькіх — ад рэгіянальных "Міс Мінск" і "Міс Viva Braslav" да рэспубліканскага "Міс Беларусь" (двойчы) і міжнароднага "Міс БРІКС". 

Першы конкурс прыгажосці "Міс БРІКС" прайшоў у Казані ў 2026 годзе. 22-гадовая мінчанка Алія Кароткая заняла на ім трэцяе месца і атрымала прыз сімпатый гледачоў. На конкурс дзяўчыну накіравала Нацыянальная школа прыгажосці – арганізацыя, якая фінансуецца з дзяржбюджэту краіны. Афіцыйна там навучаюць будучых мадэляў і шукаюць кандыдатак для конкурсаў прыгажосці. На практыцы ж там падбіраюць спадарожніц на мерапрыемствы для Аляксандра Лукашэнкі і яго атачэння.

Алію Кароткую заўважылі на фінальным матчы Рэспубліканскай хакейнай лігі ў красавіку. Яна назірала за гульнёй з VIP-трыбуны. Падчас турніру дзяўчына не раз прыходзіла на стадыён, каб падтрымаць Лукашэнку. На знак удзячнасці ён дарыў ёй мяккія цацкі.

Раней дзяўчыну таксама бачылі з Лукашэнкам. Напрыклад, у красавіку 2025 года яны разам саджалі дрэвы ў будучым парку Народнага Адзінства. У снежні 2025-га яна ўдзельнічала ў навагоднім балі Лукашэнкі, а ў студзені 2026-га была на прыёме на Стары Новы год.

Расследвальнікі пішуць, што становішча дачкі дапамагло і бацькам Аліі.

Доўгі час у сям’і працаваў толькі бацька – Андрэй. Мяркуючы па звестках "Кіберпартызанаў", ён займаўся пастаўкамі б/у запчастак для машын з Еўропы ў Беларусь.

У маці, Дзіяны Кароткай, першы і апошні запіс у працоўнай кніжцы з’явіўся ў 2018 годзе — "Нацыянальная школа прыгажосці". На той час яе дачка ўжо некалькі гадоў навучалася ў гэтай школе. Дзякуючы ейным поспехам Дзіяна пачала ўласны бізнес: у 2025-м стварыла брэнд адзення "Кіалі", у сукенках якога Алія Кароткая брала ўдзел у конкурсе "Міс Беларусь". У брэндзе "Кіалі" дзяўчына паехала і на конкурс "Міс БРІКС". 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.