Пінскія міліцыянты зноў спрабуюць перапісаць футбольных фанатаў
Гэта турбуе прыхільнікаў мясцовага клуба “Хваля”.
Адпаведная інфармацыя ў групе заўзятараў Вконтакте.
Як паведамляла Еўрарадыё, 11 верасня, пад час хатняга матчу ФК “Хваля” з камандай “Мінск 2” фанаты пінскага клуба з невядомай прычыны пад наглядам АМАПу пачалі сыходзіць са стадыёна. Сітуацыю выправіў дырэктар клуба Міхаіл Шаламіцкі, які ўгаварыў фанатаў вярнуцца ў свой сэктар.
Як высветлілася, сыход са стадыёна — гэта быў пратэст з боку фанаў на спробу перапісаць іх пашпартныя дадзеныя. У другім перыядзе да іх падыйшоў міліцыянт і загадаў паказаць пашпарты як мінімум 20 асобам, што і абурыла хлапцоў.
Нагадаем, падобным чынам пінская міліцыя спрабавала дзейнічаць і ў першым крузе першай лігі футбольнага чэмпіянату Беларусі. Пасля гэтага фанаты адмовіліся заўзець за сваю каманду.