Польская падатковая інспекцыя накіравала беларускаму ўцекачу ліст на мінскі адрас

Варшава, ілюстрацыйнае фота

Варшава, ілюстрацыйнае фота / Reuters

Падатковая інспекцыя аднаго з раёнаў Варшавы даслала беларусу, які жыве ў Польшчы, ліст на мінскі адрас.

Як піша выданне MOST, мужчына жыве ў Польшчы з палітычных прычын, у Беларусь не вяртаецца і мяркуе, што такія дзеянні польскіх чыноўнікаў могуць несці для яго небяспеку. Цяпер ён намагаецца, каб чыноўнікі не дасылалі лісты на адрас яго беларускай прапіскі.

У Польшчы мужчына зарэгістраваў фонд. Пры рэгістрацыі натарыус перапісаў адрас з яго беларускага пашпарта. Беларуса запэўнівалі, што гэта толькі фармальнасць і ніхто не плануе нешта даслаць у Беларусь.

Асноўны адрас юрыдычнай асобы беларус пазначыў віртуальны ў Варшаве. Мужчына прызнае, што мог забыць пра штосьці, звязанае з адрасам. Але ён не вельмі турбаваўся, што чыноўнікі яго не знойдуць: у пададзенай інфармацыі былі яго нумар тэлефона і электронная пошта.

Але нечакана сваякі з Беларусі паведамілі пра ліст з польскай падатковай. У паведамленні чыноўнікі прасілі запоўніць фармуляр, дадаўшы туды пэўныя звесткі пра фонд, у тым ліку адрас правядзення дзейнасці.

Мужчына лічыць, што дасыланне такіх лістоў у Беларусь нясе небяспеку для яго і яго сваякоў. Да таго ж яно проста неэфектыўнае.

Цяпер беларус кансультуецца з юрыстамі і плануе напісаць скаргу ў падатковую.

Ён згадвае справу 2011 года супраць кіраўніка праваабарончага цэнтра "Вясна" Алеся Бяляцкага. Тады чыноўнікі Літвы і Польшчы ў рамках пагадненняў аб прававой дапамозе перадалі ў Беларусь звесткі пра банкаўскія рахункі беларускіх праваабаронцаў. У выніку была перагледжаная палітыка ЕС па перадачы персанальных даных у іншыя краіны. Беларусь трапіла ў спіс краін, куды нельга перадаваць персанальную інфармацыю проста па запыце дзяржаўных органаў.

Цяпер беларус разам з юрыстамі спрабуе высветліць, ці могуць прынятыя рэгламенты ЕС тычыцца ягонай справы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.