Помнік князю Альгерду ў Віцебску ўзялі пад міліцэйскую ахову
Цяпер каля помніка вялікаму князю літоўскаму круглыя суткі дзяжураць міліцыянты. Афіцыйна помнік павінны адкрыць 27 чэрвеня.
Як паведамляе Радыё "Свабода", міліцыянты дзяжураць па двое, у форме, не хаваючыся. Цікаўным яны распавядаюць пра цяжкі лёс помніка князю Альгерду: маўляў, збіраліся паставіць ужо чатыры гады, ды ўсё ніяк. А факт аховы тлумачаць тым, што конную скульптуру "можа, і не скрадуць, але распішуць непрыгожымі словамі". У якасці аргументаў яны спасылаюцца на тое, што "ў інтэрнэце выступаюць нейкія людзі, якія супраць помніка. Бо, Альгерд, яны лічаць, праліваў кроў на Беларусі".
Вартаваць помнік загадана круглыя суткі, бо відэакамераў для назірання тут няма. Ахоўнікі патрулююць таксама прылеглую тэрыторыю і змяняюцца кожныя 8 гадзін.
Дагэтуль у Віцебску так пільна ахоўвалі толькі адзін аб’ект — гарадскую навагоднюю ёлку, пасля таго як віцебскі актывіст КХП БНФ вывесіў на ёй бел-чырвона-белы сцяг.
Фота — svaboda.org