Поўны спіс удзельнікаў “Басовішча-2014” агучаць на днях
А пакуль арганізатары падзяліліся новым лагатыпам фестывалю.
На старонцы Facebook фестывалю музыкі маладой Беларусі “Басовішча” з’явіўся новы графічны вобраз оўпэн-эйра.
“Апошнім часам графічнае афармленне фестывалю рабіў Юры Асеннік — беларус з Падляшша, — распавядае адна з арганізатараў “Басоў” Ганна Пякарская. — А сёлета мы вырашылі, што час звярнуцца да каго-небудзь, хто не такі блізкі да “Басовішча” і да беларускай музыкі. Да таго ж мы даўно хацелі запрасіць на гэтую справу Давіда Рыскага, вельмі вядомага польскага графіка, які, напрыклад, рабіў графічнае афармленне для гурта Kim Nowak (яны выступалі летась). І ў выніку Давід пагадзіўся”.
На сёлетнім “лагатыпе” выяўлены чалавек у чырвоным капелюшы-конусе ды плашчы “ў зорачкі” з гітарай і комбікам у руках. Ён бяжыць па лесе, відаць, на фэст. Вось, праўда, апроч гурта “Крама” пакуль невядома, хто ж выступіць на “Басовішчы-2014”. Арганізатары абяцаюць, што у бліжэйшыя два дні будзе агучаны поўны спіс музыкаў.
Дарэчы, сітуацыя з візавай падтрымкай беларусаў, якія пажадаюць трапіць на фэст, таксама вырашаецца. Падрабязнасці, спіс дакументаў ды тэрміны для падачы дакументаў на візу назавуць цягам бліжэйшага тыдня.
“Басовішча-2014” пройдзе 18-19 ліпеня на традыцыйным месцы, каля польскага мястэчка Гарадок непадалёк ад беларуска-польскай мяжы.