Прадпрымальнікі заяўляюць пра пагрозу масавага сыходу з гандлю
Прадстаўнік Бабруйска на форуме заявіў, што бізнэс пакінуць каля 70% дробных прадпрымальнікаў.
У мінскім гатэлі "Беларусь" праходзіць рэспубліканскі нацыянальны Форум прадпрымальнікаў "Мэты і задачы для малога бізнэсу Беларусі". На яго сабраліся больш за 400 дробных прадпрымальнікаў з усёй Беларусі. Прыйшшлі таксама прадстаўнікі ўлады — Міністэрства гандлю, Міністэрства па падатках і зборах.
Прадстаўніца Мінгандлю заявіла, што падаўжаць тэрмін рэалізацыі тавараў без сертыфікатаў дзяржава не будзе. Раней Мінгандлю выносіла прапанову пра тое, каб працягнуць тэрміны рэалізацыі рэшткаў тавараў без сертыфікатаў, які патрабуе ўказ №222.
Сяргей Філіпаў з Бабруйска заявіў, што 70% прадпрымальнікаў гэтага горада збіраюцца сыходзіць з прадпрымальніцтва і закрываць гандлёвыя кропкі.
Філіпаў: "Я рабіў апытанку сярод прадпрымальнікаў. І 70% з іх збіраюцца сыходзіць па дзвюх прычынах — высокая арэнда гандлёвых кропак, і другая прычына — у многіх прадпрымальнікаў засталіся 90% рэшткаў тавару, які рэалізаваць за два тыдні — да 1 сакавіка 2015 года, калі будзе забаронена працаваць без дакументаў, — немагчыма, бо людзі збяднелі, у іх няма грошай".
Фота — svaboda.org