Прадстаўніца СК: Рэдактар tut.by мог падпісаць дасудовае пагадненне аб супрацы

Прадстаўніца СК: Рэдактар tut.by мог падпісаць дасудовае пагадненне аб супрацы

Афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта Юлія Ганчарова ў сацсетках абвяргае словы рэдактара tut.by Дзмітрыя Бобрыка аб вярбоўцы. Па яе словах, з Бобрыкам маглі падпісаць дасудовае пагадненне аб супрацы, што дапускае Крымінальна-працэсуальны кодэкс. 

"Следчы камітэт не займаецца аператыўна-вышуковай дзейнасцю. У сувязі з гэтым, вярбоўка — не наш метад. А інфармацыя распаўсюдзілася ў СМІ ў гэтым ключы. У працэсе расследавання крымінальнай справы ўдзельнікам працэсу ва ўстаноўленым КПК парадку тлумачацца правы і абавязкі, у тым ліку палажэнні артыкулаў, якія рэгламентуюць дасудовае пагадненне аб супрацоўніцтве, абставіны, якія змякчаюць адказнасць, магчымасць вызвалення ад адказнасці па нерэабілітуючых падставах, у тым ліку ў сувязі з дзейным раскаяннем. Пра гэта складаюцца адпаведныя працэсуальныя дакументы. Чаму гэта ўспрымаецца як нейкая вярбоўка — пытанне па-за юрыдычнымі рамкамі", — напісала Ганчарова. 

Па яе словах, статус Бобрыка са сведкі на падазраванага памянялі ў сувязі з атрыманымі падчас расследавання доказамі. 

Ганчарова дадае, што падчас допыту Бобрыка ў кабінеце быў толькі ён, следчы і відэакамера. "У кабінеце былі: Бобрык, следчы, відэакамера. Іншых прысутных не было. Хто з іх схіляў да супрацоўніцтва, незразумела", — іранізуе прадстаўніца СК.

Следчы камітэт расследуе крымінальную справу пра незаконны доступ да платнай падпіскі дзяржаўнага інфармагенцтва БЕЛТА. У яе рамках 7 жніўня прайшлі ператрусы ў офісах БелаПАН і tut.by. Падазраванымі па справе праходзяць дзесяць журналістаў.

25 верасня рэдактар tut.by Дзмітрый Бобрык напісаў у сацсетках, што яго падчас допыту завербавалі. 

Прадстаўніца СК: Рэдактар tut.by мог падпісаць дасудовае пагадненне аб супрацы
Каментар Ганчаровай у Фэйсбуку

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі