Прадстаўніцтва Еўрасаюза выкрыла падман на БТ

У тэлесюжэце, як паведамляе Прадстаўніцтва ЕС, перайначаны змест выступу Камісара Штэфана Фюле (на фота) на пленарным пасяджэнні Еўрапарламента ў Страсбургу 11 верасня. У сваім выступе ён закрануў пытанні ціску з боку Расіі на краіны Усходняга партнёрства.



Па версіі БТ, Штэфан Фюле заявіў, што "ЕС у першую чаргу зацікаўлены ў традыцыйна моцных сувязях сваіх усходніх партнёраў з Масквой. Еўракамісар таксама дадаў, што Брусэль акажа Мытнаму саюзу дапамогу ў выраўноўванні стандартаў і нормаў у адпаведнасці з еўрапейскім і сусветным заканадаўствам".



Прадстаўніцтва ЕС прапануе цалкам пасаж з выступу Фюле, прысвечаны гэтай праблеме:



"Гэта праўда, што сяброўства ў Мытным саюзе несумяшчальнае з "глыбокімі і ўсёабдымнымі зонамі вольнага гандлю", перамовы пра стварэнне якіх мы вядзем з Украінай, Малдовай, Грузіяй і Арменіяй. І гэта не праз ідэалагічныя адрозненні — гаворка не ідзе пра сутыкненне эканамічных блокаў ці "гульні з нулявой сумай". Гэта праз прававую несумяшчальнасць: у прыватнасці, нельга адначасова зменшыць мытныя тарыфы паводле нормаў DCFTA і падняць іх зыходзячы з абавязанняў у рамках сяброўства ў Мытным саюзе. Новае пакаленне дамоваў пра асацыяцыю дасць велізарныя пераўтваральныя перавагі, асабліва праз збліжэнне прававых і рэгулятыўных нормаў, праз лібералізацыю рынку. Незалежныя даследаванні паказваюць, што DCFTA прынясе значныя перавагі. З часам экспарт у ЕС можа падвоіцца, забяспечыўшы пры гэтым амаль 12-адсоткавы рост ВУП. Аднак каб дасягнуць гэтага, нашы партнёры павінны валодаць поўным суверэнітэтам у фармаванні сваёй гандлёвай палітыкі, у той час як у чальцоў Мытнага саюзу яго не будзе.



Несумнеўна, краіны-ўдзельніцы Усходняга партнёрства змогуць умацоўваць сваё супрацоўніцтва з Мытным саюзам, магчыма, у якасці назіральнікаў. І, вядома, удзел у DCFTA цалкам сумяшчальны з дамовамі пра вольны гандаль, якія дзейнічаюць паміж нашымі партнёрамі і іншымі краінамі Садружнасці незалежных дзяржаў (СНД).



Дазвольце мне падкрэсліць , што Дамовы пра асацыяцыю і DCFTA не задуманы ў шкоду Расіі. Наадварот, Расіі прынясе велізарную карысць інтэграцыя краін Усходняга партнёрства ў агульнаеўрапейскую эканоміку. Наша бачанне складаецца ў тым, што ў доўгатэрміновай перспектыве гэтыя дамовы павінны паспрыяць фармаванню агульнай эканамічнай прасторы ад Лісабона да Уладзівастока, заснаванага на правілах СГА .



Такім чынам, мы заахвочваем умацаванне нашымі партнёрамі сваіх сувязяў з Расіяй — гэтак жа, як умацоўваем гэтыя сувязі і мы. Аднак такое ўмацаванне павінна быць сумяшчальнае з абавязаннямі ў рамках дамоваў пра асацыяцыю і стварэнне DCFTA. Еўрапейскі саюз гатовы працаваць са сваімі суседзямі і шукаць шляхі да большага нарматыўнага збліжэння паміж ЕС і чальцамі Мытнага саюза".

Цяжкасці перакладу па-беларуску: тры беларускія тэлеканалы па-рознаму пераклалі словы кіраўніка місіі МВФ Дэвіда Хофмана

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі