Прадстаўнікі РГА "Перспектыва" пакінулі пасяджэнне ў Мінэканомікі
Працоўная група па праблемных пытаннях індывідуальных прадпрымальнікаў не падтрымала праект указа па дзейнасці ІП, распрацаваны РГА "Перспектыва", пішуць "Беларускія навіны".
Як паведамляла Еўрарадыё пасяджэнне групы адбывалася сёння, 30 студзеня. Перад пачаткам пасяджэння прадстаўнікі малога бізнэсу парвялі імправізаваны пікет на прыступках Мінэканомікі.
У каментары журналістам старшыня "Перспектывы" Анатоль Шумчанка распавёў, што чыноўнікі нават не разглядалі праект. "Намеснік міністра эканомікі Ірына Касцевіч адназначна сказала "не", праект падтрыманы не будзе", — паведаміў Шумчанка. Па словах чыноўнікаў, змены, якія прапанавала "Перспектыва, паставяць у няроўныя ўмовы суб'екты гаспадарання.
У адказ Шумчанка і яшчэ каля 20 ІП, запрошаных на пасяджэнне, пакінулі сустрэчу.
Кіраўнік "Перспектывы" дадаў, што іх праект указа не падтрымалі таксама буйныя аб'яднанні прадпрымальнікаў.
Праект "Перспектывы" прадугледжвае спрашчэнне ўмоваў дзейнасці ІП. Напрыклад, прапаноўваецца ўвесці фіксаваны збор замест падаткаў, увесці ільготы для ІП, якія гандлююць беларускай прадукцыяй, і адмовіцца ад сертыфікатаў на тавары лёгкай прамысловасці, увезеныя з краін ЕАЭС.