Прага са страхам чакае нашэсця падлеткаў-тусоўшчыкаў з Даніі

На пачатку года ў Чэхіі пачалі ўсур’ёз задумвацца, што рабіць з дацкімі школьнікамі, якія ў вялікай колькасці прыязджаюць у Прагу на зімовыя канікулы. Сталічная атмасфера выклікае ў гасцей са Скандынавіі неадэкватную рэакцыю.

“У лютым мінулага года каля 10 тысяч старшакласнікаў з Даніі прыехалі ў Прагу на зімовыя канікулы. Ап’янелыя танным алкаголем, маладыя датчане нішчылі гасцінічныя нумары, біліся на вуліцах паміж сабой і з паліцыяй і спрычынілся да хаоса ў некаторых частках горада”, — перадае Radio Praha.

Каб ужо сёлета пазбегнуць паўтору мінулагодняга сцэнара, дацкія ўлады кансультуюць і бацькоў, і дзяцей аб паводзінах у Чэхіі. Нагадваючы, напрыклад, аб недапушчальнасці ўжывання алкаголю, калі не маеш 18 гадоў. Каб неяк “згладзіць вострыя вуглы”, у Прагу нават прыехалі чатыры паліцэйскія з Даніі.

Еўрарадыё вырашыла прыгадаць, якія яшчэ гарады прыцягваюць неадназначных гасцей з якой-небудзь адной краіны. Напрыклад, у Кракаў ужо не першы год прыязджаюць “адпаліць” турысты з Брытаніі. Толькі шматлікія гістарычныя месцы польскага горада іх не вельмі цікавяць — больш усё той жа танны алкаголь і начныя клубы. Нараканні на брытанцаў пачаліся ўжо даўно. Вось як іх апісваў польскі турыстычны партал яшчэ ў 2008-м:

“Усё больш і больш брытанскіх турыстаў едзе ў Кракаў. Але, на жаль, гэта нельга лічыць нагодай для радасці. Усё больш сярод брытанцаў тых, хто паводзіць сябе не так, як трэба. Меркаванні гараджан неадназначныя”.

Калі ў Вялікабрытаніі ля начных клубаў можна спакойна пабачыць голага чалавека, то ў Польшчы да такога не вельмі прызвычаіліся: дваім брытанцам такая выхадка тут абышлася ў 165 долараў штрафу.

Не сакрэт, што беларускія гарады, асабліва Мінск, падчас святаў “акупуюць” турысты з Расіі. Запытваемся ў экскурсавода Рамана Абрамчука, якое ўражанне яны ствараюць.

Раман Абрамчук: “Калі казаць увогуле, то, сапраўды, руская плынь турыстаў найбольшая. Я сустракаўся з выдатнымі людзьмі і па паводзінах, і па адукацыі з Масквы, з Расіі, і таксама з тыповымі хамамі з гэтай краіны. Тое самае можна сказаць і пра іншыя краіны”.

Ну і добра. Больш за тое, экскурсавод хваліць маскоўскіх школьнікаў: эрудзіраваныя і адукаваныя — з імі заўсёды прыемна працаваць.

У той жа час турысты з Польшчы падчас навагодніх і травеньскіх святаў запаўняюць Вільню. Танна, блізка, дый агульная гісторыя прыцягвае.

Цікава, што летась Business Insider склаў рэйтынг “найгоршых турыстаў”. На першым месцы — амерыканцы, за якімі ідуць брытанцы. Прадстаўнікі іншых еўрапейскіх краін, што не вельмі сябе паказалі: расіяне (3-е месца), немцы (6-е), французы (8-е), італьянцы (9-е).

Фота: topordercrickettours.co.uk

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі