Пракаповіч і Ермакова так і не ўзначалілі назіральныя саветы банкаў
Кіраўнікамі назіральных саветаў БелВЭБ і БПС-Ашчадбанка па-ранейшаму застаюцца расіяне.
Як вядома, фінансавы крызіс у снежні 2014 года прывёў да шэрагу гучных адставак. У прыватнасці, паведамлялася, што былая кіраўніца Нацбанка Надзея Ермакова і былы віцэ-прэм'ер Пётр Пракаповіч перасядуць у крэслы старшыняў назіральных саветаў банкаў БелВЭБ і БПС-Ашчадбанка адпаведна.
Аднак дагэтуль дакументальнага пацвярджэння гэтага няма, піша "Комсомольская правда". На сайтах банкаў старшынямі назіральных саветаў па-ранейшаму пазначаныя расіяне: у БелВЭБ — Сяргей Васільеў (намеснік праўлення расійскага Знешэканомбанка), а ў БПС-Ашчадбанку — Сяргей Гаркоў (намеснік старшыні праўлення Ашчаднага банка па міжнародным бізнэсе).
У банку БелВЭБ кажуць, што пакуль афіцыйнага прызначэння Надзеі Ермаковай на якую-небудзь пасаду не было. А вось Пётр Пракаповіч ўжо і так працуе ў БПС-Ашчадбанку з 2013 года. Ён займае пазіцыю прадстаўніка дзяржавы.
Прадстаўніка дзяржавы ў банк прызначае і здымае з пасады Саўмін разам з Нацбанкам. Дарэчы, ім можа стаць толькі віцэ-прэм'ер, кіраўнік дзяржаўнага органа або арганізацыі, падпарадкаванай ураду, а таксама яго намеснікі.
Фота — naviny.by