Пракаповіч зарабіў на адстаўцы амаль 23 мільёнаў рублёў працэнтаў

Пётр Пракаповіч кажа, што захоўвае грошы толькі ў нацыянальнай валюце. Мала таго, за два гады пасля адстаўкі ў ліпені 2011 года Пракаповіч так згуляў з выхаднымі за адстаўку грашыма, што зарабіў у паўтара разу болей.

"Калі я сыходзіў з Нацыянальнага банка, дык атрымаў выхадныя грошы. Усе яны дагэтуль захоўваюцца ў “Беларусбанку” ў беларускіх рублях. Гэта вельмі выгадна, за гэты час я многа зарабіў, фактычна ў паўтара разу болей, чым паклаў. Вельмі высокія працэнтныя стаўкі", — распавядае Пракаповіч.

Згодна з законам "Аб дзяржслужбе", Пётр Пракаповіч павінен быў атрымаць тры сярэднемесячныя заробкі за адстаўку.

Дзеючая кіраўніца Нацбанка Надзея Ермакова кажа Еўрарадыё, што яе заробак складае 2000 долараў. Калі ўзяць прыкладна гэтую суму за аснову і пералічыць яе па курсе долара (на момант звальнення Пракаповіча — 5000 рублёў за амерыканскую валюту), Пётр Пятровіч атрымлівае каля 30 мільёнаў рублёў выхадных.

На момант адстаўкі Пракаповіча ў "Беларусбанку" стаўкі па дэпазітах былі ў межах 23-28%.

Самы выгадны дэпазіт на той час — уклад на тры гады пад 28%. Падлічваю, калі Пракаповіч размясціў уклад пад гэтыя працэнты, — за два гады паспела накапаць каля 23 мільёнаў працэнтаў. Але гэта не ў паўтара разу болей…

Дарэчы, самая высокая стаўка "Беларусбанка" па дэпазітах у замежнай валюце на жнівень 2011 года была 9% гадавых (цяпер 4,5-5%). За два гады Пракаповіч пабагацеў бы на 1000 долараў.

Нягледзячы на адданасць нацыянальным грошам Пётр Пракаповіч раіць беларусам захоўваць зберажэнні… у розных валютах.

“Пракаповіч паўтарае народную мудрасць: не захоўваць яйкі ў адным кошыку. Гэта правільна. Я сам трымаю грошы ў доларах. Было трошкі ў беларускіх рублях, але ў мяне сын вучыцца на платным аддзяленні, таму гэтыя грошы пайшлі на аплату вучобы”, — кажа Еўрарадыё былы старшыня Нацбанка Станіслаў Багданкевіч.

Cпявачка Паліна Рэспубліка кажа, што ў яе няма грошай, каб захоўваць хоць у нечым, але захоўвала б у рэчах, а Зміцер Вайцюшкевіч адразу ўкладае грошы ў будоўлю:

“Трымаю грошы ў цэгле, вокнах ПВХ — будуюся я, таму грошай няма”.

Беларускі мільярдэр Аляксандр Саладуха кажа, што трымае грошы ў сцэнічных кашулях, рамянях, шасці парах абутку, апаратуры, вандроўках:

“Ва ўсім: у адпачынку, апаратуры, сцэнічных касцюмах”, — кажа спявак, але прызнаецца, што трымае свае “мільярды і ў дэпазітах”.

“Ва ўсіх валютах трымаю: і ў нацыянальнай валюце, і ў доларах, і еўра”, — толькі калі Еўрарадыё ўдакладняе пра даходы спевака, той чамусьці хмурнее ў голасе і кідае слухаўку.

А вось памочнік прэзідэнта па пытаннях спорту Максім Рыжанкоў на пытанне Еўрарадыё, дзе ён трымае грошы, смяецца — грошай няма:

“Усё ў будаўніцтва, у дачу ці яшчэ куды, нейкія набыткі. Але каб былі грошы, дзе б я трымаў? Не ведаю, але калі быў дыпламатам і атрымліваў грошы ў доларах — трымаў ўсё ў сейфе”, — кажа чыноўнік.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі