Пракурор папрасіў для Змітра і Насты Дашкевічаў па 1,5 гады калоніі
Пракурор папрасіў прызначыць Змітру і Насце Дашкевічам па 1,5 гады калоніі. Спрэчкі бакоў па крымінальнай справе супраць Дашкевічаў прайшлі сёння, 11 ліпеня, у судзе Маскоўскага раёна Мінска. Прысуд будзе вынесены 14 ліпеня.
Максімальная санкцыя па ч.1 арт. 342 Крымінальнага Кодэксу, па якім судзяць Дашкевічаў, прадугледжвае 4 гады пазбаўлення волі.
“Адное яго хваляванне за мяне”
Вобшук у кватэры Змітра і Насты Дашкевічаў адбыўся ў сакавіку. Тады Змітра затрымалі па адміністрацыйным артыкуле. Суд Першамайскага раёна назначыў Дашкевічу пакаранне — 15 сутак пазбаўлення волі.
Жонка Змітра Наста Дашкевіч тады выступала на судзе ў якасці сведкі. Пасля, апісваючы гэты суд у сацсетках, яна распавядала так:
“Зміцер быў такі прыгожы і такі спакойны. І толькі аднойчы ён цяжка ўздыхнуў, калі замест пытанняў да мяне, як сведкі прамовіў, што ён моцна мяне кахае, справіцца з усім і адное яго хваляванне за мяне”.
Пасля гэтых 15 сутак Дашкевіч на волю не выйшаў. Напачатку красавіка стала вядома, што яго перазатрымалі па крымінальнай справе — групавыя дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак.
Тады ж Дашкевіча перавялі ў СІЗА. З таго часу ён знаходзіцца ў мінскім СІЗА-1 на вул. Валадарскага.
Справа Насты Дашкевіч
Праз месяц пасля вобшуку, 29 красавіка, Насту Дашкевіч выклікалі ў Следчы камітэт. Там яна даведалася, што праходзіць падазраванай па тым жа артыкуле Крымінальнага кодэкса.
Сама Наста Дашкевіч на той час была цяжарная. Праз тры месяцы пасля вобшуку ў Дашкевічаў нарадзіўся сын Данііл.
“Аднаго мужчыну забрала дамоў. Няхай Госпад дабраславіць забраць і другога”, — напісала Наста ў сацсетках у хуткім часе пасля нараджэння малодшага сына.
У сям'і Дашкевічаў чацвёра дзяцей.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.