Прарэктарам БДЭУ стаў 33-гадовы сын старшыні Акадэміі навук

Прарэктарам БДЭУ стаў 33-гадовы сын старшыні Акадэміі навук

Прарэктарам па навуковай рабоце Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта стаў кандыдат навук Ягор Гусакоў.

Як піша "Наша Ніва", 33-гадовы дацэнт атрымаў гэтую высокую акадэмічную пасаду без навуковага рэйтынгу, прафесійных дасягненняў і нават досведу работы ва ўніверсітэце.

Ягор Гусакоў — сын старшыні Нацыянальнай акадэміі навук Уладзіміра Гусакова і таварыш міністра адукацыі Андрэя Іванца. Дарэчы, у Радзе маладых навукоўцаў НАН ён быў намеснікам Іванца.

Калегі адзначаюць, што няма ні саліднага спісу навуковых публікацый і праектаў, ні абароненых аспірантаў.

"Ніякага навуковага рэйтынгу цытавання, напрыклад, у Google Scholar, у яго няма. У расійскім рэйтынгу навуковага цытавання яго профілю таксама няма, рэйтынгу ў Скопусе ў яго не існуе, тут больш каментаваць нічога і не трэба, па-мойму", — прыводзіць "Наша Ніва" словы аднаго з чальцоў акадэмічнай супольнасці.

Ён падкрэслівае, што прарэктары па навуковай рабоце ў вядучых ВНУ Еўропы — гэта навукоўцы не тое што з іменем, але і з сваёй навуковай школай.

Гусакоў-малодшы ў 2011-м скончыў Акадэмію кіравання пры прэзідэнце, потым аспірантуру і дактарантуру ў Інстытуце сістэмных даследаванняў у АПК НАН Беларусі, а потым узначаліў сектар кааперацыі ў гэтым інстытуце. Яго кандыдацкая праца называлася "Навуковыя асновы і арганізацыйна-эканамічны механізм эфектыўнага функцыянавання кааператыўна-інтэграцыйных аб'яднанняў". 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі