Прастытуткамі працуюць дзяўчаты з правінцыі і хлопцы з Акадэміі мастацтваў

“Сёння на ўліку міліцыі стаіць 230 прастытутак жанчын і 10 мужчын”, - гэтыя лічбы агучыў на прэс-канферэнцыі ў верасні старшы оперупаўнаважаны па асабліва важных справах Упраўлення па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі ГУУС Мінгарвыканкаму Сяргей Гарадзецкі. Еўрарадыё вырашыла дазнацца, як выбіраюць самую старажытную прафесію - па ўласным жаданні ці пры цяжкім матэрыяльным становішчы. Сталічны аператыўнік з аддзела грамадскай бяспекі (які не захацеў называць сябе) расказаў, што ў асноўным прастытуткамі становяцца дзяўчаты з правінцыі.

Аператыўнік: Такая сітуацыя: маці і бацька зарабляюць па 200 тысяч, грошай не хапае, і дзяўчына лічыць, што ў Мінску ёй будзе значна лепей. Яна прыязджае сюды, здымае кватэру і працуе. У асноўным гэта дзяўчаты з перыферыі ва ўзросце ад 18 да 26 год. Але ёсць і жанчыны, якім 45-48 гадоў.

Штрафы ў памеры 5-20 базавых велічынь прастытутак асабліва не пужаюць. Па словах праваахоўнікаў, яны іх хутка адпрацоўваюць. Горш, калі трапляюцца яшчэ раз – у такім выпадку прыйдзецца заплаціць каля 3-х мільёнаў. Па падліках Еўрарадыё, такі штраф акупіцца толькі праз тыдзень.

У такой статыстыцы своеасабліва выглядаюць мужчыны. Па словах аператыўнікаў, яны сустракаюць іх не так часта.

Аператыўнік: За 1,5 гады маёй працы мужчыны мне не сустракаліся. Мне здаецца, жанчыны больш маральна ўстойлівыя, і таму мужчыны не так папулярныя. Жанчыны не будуць абы з кім, а вось у мужчын іншая псіхіка.

Еўрарадыё вырашыла высветліць, дзе можна знайсці мужчыну па выкліку. Аказалася, у Інтэрнэце такіх аб’яў хоць заваліся. Імёны мужчын, якія жадаюць аказаць інтымныя паслугі за грошы, вельмі гаваркія: Майстар, Раб, Мацак, Экзотыка, Тыграня, 100 еўра.

Анкету Максіма на сайце можна сустрэць звыш 30 разоў. У ёй пералічаны ўсе магчымыя мэты: малады чалавек 25 год з няскончанай вышэйшай адукацыяй прапануе рэальныя і віртуальныя зносіны, флірт, сэкс, стаць жанчыне спонсарам ці ўвогуле ўзяцца шлюбам. Цана за інтымныя паслугі ў розных анкетах розная – 20-40 долараў за ноч, 30 долараў за гадзіну. На самай справе малады чалавек аказаўся рамантычнай натурай, якая любіць гарэлку і Паўла Каэльё. Максіму размаўляць па тэлефону пра гэта было нават няёмка: на пытанні адказваў аднаскладова і ціхім голасам.

Студэнт 3-га курса Акадэміі мастацтваў, які хутка стане акцёрам драмтэатра і кіно, запэўніў, што спачатку мяне чакае інтэлектуальная размова, а ўжо пасля – сэкс. На пытанне, як часта ён глядзіць навіны, ён даў некалькі варыянтаў: часта, рэдка, як выдаецца. Пад навінавай праграмай Максім разумее “Надзвычайныя здарэнні”. Што датычыцца аплаты, тут усё вельмі проста – 30 долараў за гадзіну (калі ўсё зацягнецца яшчэ на хвілін 20-30, Максім гэтага не ўлічыць), плюс таксі ў два бакі, а для пастаянных кліентаў – зніжкі.

Я папрасіла намаляваць прыкладны сцэнар сустрэчы (пры гэтым адзначыла, што вельмі рамантычная натура), малады чалавек паабяцаў смачную вячэру пры свячах, моцныя напоі, духмяныя рэчывы. Арганізацыйныя моманты на сябе бярэ той, хто, як кажуць, заказвае музыку.

Максім: Для першага разу вы павінны арганізаваць усё самі. А калі я вам прыйдуся не даспадобы?

У такім выпадку Максім грошы возьме, але больш на сустрэчу не пагодзіцца. Аказваць інтымныя паслугі яму і прыемна, і пры гэтым паляпшаецца матэрыяльнае становішча.

Максім: Я ад бацькоў не залежу, і з 18 гадоў сам сабе прабіваю шлях. Мне падабаецца забяспечваць сябе самастойна.

Наступны сэкс-герой з незвычайным імя Я тое, што патрэбна ў жыцці аказаўся 31- гадовым бізнесменам Віцем і больш патрабавальным за Максіма: поўным дамам сваё каханне не дорыць, і ў яго свой прэйскурант.

Віця: Калі дзяўчына вельмі страшная, тады бяру 100 долараў за ноч, калі сімпатычная – 50, разам з сяброўкай – 80 долараў, а калі ўсё будзе цудоўна, амаль нічога не вазьму: толькі грошы за праезд на таксі.

Ужо праз хвіліну Віктар сказаў, што грошы для яго не самае важнае, а са страшных бярэ толькі таму, што згубіў з імі цэлую ноч. Па яго словах, высокі, каравокі спартовец яшчэ нікога не падводзіў. Нават сцвердзіў, што можа з лёгкасцю адціснуцца ад падлогі 50 разоў. На пытанне, ці не засмуціцца ён, калі я прыеду разам з сяброўкай, Віктар адказаў адмоўна.

Віця: Ніякіх праблем няма: у мяне вельмі вялікі сэксуальны вопыт, 15 гадоў стажу і каля 100 жанчын, што датычыцца фантазіі, то тут ніякіх межаў няма.

Фота — www.cmex.biz/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі