Судзяць экс-дырэктара “Магілёўліфтмаша”: хабар і ўцягванне ў прастытуцыю
15 сакавіка ў Магілёўскім раённым судзе пачалі разглядаць справу былога гендырэктара ААТ "Магілёўскі завод ліфтавага машынабудавання" Барыса Кавалеўскага. Разам з ім судзяць яшчэ чатырох чалавек. Суд, як паведамляе 6tv.by, праходзіць за зачыненымі дзвярыма.
Фігурантаў вінавацяць у атрыманні хабару (ч. 3 арт. 430 КК), дачы хабару паўторна або ў буйной суме (ч. 2 арт. 430 КК), дапамогу ў дачы хабару (ч. 6 арт. 16, ч. 2 арт. 431 КК) і ўцягванне ў прастытуцыю альбо прымус да працягу занятку ею (ч. 1 арт. 171-1 КК). Толькі два з пяці падсудных знаходзяцца пад вартай.
Звесткі пра затрыманне Кавалеўскага з'явіліся ў траўні 2020 года. Паведамлялася, што яго затрымалі пры атрыманні хабару.
На пасаду гендырэктара ліфтавага холдынгу Кавалеўскага ў 2014 годзе прызначыў Аляксандр Лукашэнка. У 2016-2019 гадах дырэктар прадпрыемства быў чальцом Савета Рэспублікі.
У ліпені 2020-га новым кіраўніком "Магілёўліфтмаша" стаў Сяргей Чарткоў.
У ліфтабудаўнічы холдынг ААТ "Магілёўскі завод ліфтавага машынабудавання" ўваходзяць тры магілёўскія заводы ("Магілёўліфтмаш", "Электрарухавік" і "Зеніт"), а таксама ААТ "Ветразь" у Бягомлі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.