Праўнучка маці-патрыёткі з Жодзіна: ці можна сваякам сабрацца ў Дзень Перамогі?
У Жодзіне працягваюцца суды над жанчынамі, затрыманымі ў саўне 24 красавіка.
6 траўня тром жанчынам прысудзілі па 2900 рублёў штрафы (100 базавых велічыняў), піша сайт ex-press.by. Адна з іх — Вольга Альшэўская, настаўніца на пенсіі, праўнучка маці-патрыёткі Анастасіі Купрыянавай. Менавіта яе прабабулі, якая страціла на вайне ўсіх сваіх сыноў, у Жодзіне стаіць помнік.
Затрыманне ў саўне Альшэўская называе незаконным. Яна напісала пра гэта і ў пракуратуру, і казала ў судзе. "Але ні відэазапісаў, якія вялі людзі ў форме, ні шматлікіх довадаў пра тое, што гэта была простая сустрэча людзей, ні ўсю доказную базу аб маёй невінаватасці, якую сабрала мая адвакатка, суд не прыняў", — тлумачыць жанчына.
Як вядома, частку затрыманых жодзінцаў асудзілі на суткі. Альшэўская не ведала, які прысуд вынесуць ёй і ці зможа яна адсвяткаваць День Перамогі. Таму толькі 7 траўня яна напісала зварот у гарвыканкам.
Жанчына паведаміла, што больш за 25 гадоў сваякі Анастасіі Купрыянавай збіраюцца ў лесе каля Жодзіна, памінаюць загінулых на вайне, мяняюцца навінамі. Туды прыязджаюць таксама сваякі з Расіі ды Украіны.
"У сувязі з гэтым, я звяртаюся да вас і прашу пісьмова адказаць на наступныя пытанні:
1. Ці лічыцца сход сваякоў і знаёмых людзей у лесе, у 3-4 км ад горада "несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам"?
2. Ці неабходны дазвол гарадскіх уладаў для таго, каб прабавіць час у лесе са сваякамі і сябрамі? Калі "так", то прашу гэты зварот лічыць заявай на яго выдачу.
3. Як правільна рэагаваць на з'яўленне супрацоўнікаў міліцыі, іх спробы альбо прамое ўказанне перапыніць сустрэчу або затрыманні?" — задае яна пытанні гарадскім уладам.
Альшэўская падкрэслівае, што сустрэча сваякоў мае непалітычны характар.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.