Прайшла закрытая прэзентацыя новых беларускіх настольных гульняў (фота)

Прайшла закрытая прэзентацыя новых беларускіх настольных гульняў (фота)

У Гродне прайшла закрытая прэзентацыя двух новых беларускіх настольных гульняў ад стваральнікаў “Паўстанцаў”. Яны маюць назвы “Гаспадар цмокаў” і “Мова”. Прэзентацыя для журналістаў праходзіла ў краме “Ц”, а вёў яе сам аўтар — Антось Янкоўскі. Там жа прайшла адна з першых гульняў — з дапамогай пакуль “пробных” фішак і картак.

"Гульня “Мова” складаецца з серыі картак-жэтонаў, — тлумачыць Янкоўскі. — Гэта “Ў”, картка алфавіту, картка з тэмамі ды “ўзроўнем ведаў”. Кожны з гульцоў тут па чарзе з’яўляецца вядоўцам. Удзельнікі маюць складаць словы з літараў, якія падкідвае вядоўца. Пры гэтым слова мае быць не настолькі простым, каб яго адгадалі ўсе, але і не настолькі складаным, каб слушны варыянт ведаў толькі вядоўца — так ён прайграе".

Аўтар прызнаецца, што гульня мае найперш адукацыйны сэнс і з’яўляецца добрай нагодай сабрацца і паразмаўляць па-беларуску. Распрацоўка цягнулася каля года, а сама ідэя паўстала дзякучы курсам “МоваНанова”.

Наступная прэзентаваная гульня — “Гаспадар цмокаў”. Яна фактычна з’яўляецца двухмоўнай, яе ніжэйшая ўзроставая планка — 5 гадоў. Гульня разлічаная на ўвагу і рэакцыю. У ёй ёсць карткі з цмокамі — паветраным, наземным, падземным і вадзяным. Кожны з іх мае сваю “здабычу” — змеяў, пацукоў, рыбу, птушак — у залежнасці ад стыхіі. Такім чынам, гульцы павінны “накарміць” свайго цмока, хутка рэагуючы на карткі з “ежай”, якія выкідае вядучы.

Янкоўскі кажа, што разлічвае на пазітыўную рэакцыю грамадскасці на гульні. Прынамсі, папярэднія ("Паўстанцы” і “1514”) дакладна не былі абдзеленыя ўвагай.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі