Праз пажар прыпынена праца ПП "Мядзінінкай" на літоўска-беларускай мяжы
Пажар у ПП "Мядзінінкай"
Праца пункта пропуску "Мядзінінкай" на літоўска-беларускай мяжы прыпыненая праз пажар — уначы загарэўся будынак мытні. Пра гэта паведамляюць у чатах, прысвечаных перасячэнню мяжы.
Мяркуючы па паведамленнях, пажар пачаўся ў раёне 3 гадзін ночы. У боксе нечакана загарэўся Porche Cayenne, які скіравалі на агляд. Згарэлі машына, мытны ангар і адміністратыўная частка будынка. На шчасце, з людзей ніхто не пацярпеў.
Па стане на 7 раніцы літоўскі бок не прымаў ні легкавы, ні грузавы транспарт. У зоне чакання сумежнага беларускага пункта пропуску" Каменны Лог " сабралася каля 200 легкавых аўтамабіляў. "Усё стаіць", пішуць з мяжы людзі.
Беларуская мытня са свайго боку дадае, што пажар у калег быў патушаны ў 6:49. "Зараз на месцы працягваюць працаваць пажарныя, які разбіраюць пакінутыя канструкцыі і праліваюць іх вадой", адзначылі у Дзяржаўным мытным камітэце Беларусі. Рух на пункце пропуску пакуль спынены ў абодвух напрамках.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.