Прэм'ер-міністр паведаміў, колькі каштуе абсталяваць мяжу з Расіяй
Паводле папярэдніх разлікаў, тэхнічна абсталяваць беларуска-расійскую мяжу будзе каштаваць бюджэту 2,5-3 мільярды рублёў. А сама гэтая праца зойме тры-пяць гадоў.
Такія лічбы назваў прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка ў праграме "Маркаў. Нічога асабістага" на тэлеканале АНТ.
Чыноўнік паведаміў, што мяжа з Расіяй будзе перашкаджаць нашым суграмадзянам.
"У нас, па розных даных, 650 тысяч беларусаў пражываюць у Расійскай Федэрацыі. Хтосьці працуе, хтосьці вучыцца. Яны карыстаюцца тымі ж правамі, што і грамадзяне Расійскай Федэрацыі. Гэта ўсё перакрэсліць? Гэта значыць, мы пераходзім на камерцыйныя стасункі: прыехаў і карыстаешся правамі замежнага грамадзяніна. Хочуць гэтага нашы людзі?" — заявіў Галоўчанка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.