Прэм'еру беларускага фільма ў Мінску адмянілі на карысць расійскага кіно

Прэм'еру беларускага фільма ў Мінску адмянілі на карысць расійскага кіно

У Мінску адмянілі прэм'еру беларускай кінастужкі "Недатыкальнасць", прызначаную на 15 студзеня. Фільм знялі беларускія рэжысёры Юрый Елхаў і Дзмітрый Зайцаў

Як распавёў Елхаў газеце "Народная Воля", сеанс на 17.00 аддалі расійскай карціне "Елкі", якая не набірае ў Мінску запланаваных касавых збораў. "І хоць у нас была складзеная афіцыйная дамова, падпісаная з абодвух бакоў, пракат пайшоў насустрач расійскім кінематаграфістам, адмовіўшы сваім — беларускім! Гэта была афіцыйна агучаная прычына адмены сеансу за два дні да прэм'еры", — абураецца кінарэжысёр.

Елхаў і Зайцаў выступілі ў стужцы не толькі як рэжысёры, але і як аўтары сцэнара, рэжысёры, аператары і прадзюсары. Карціна здымалася без падтрымкі Міністэрства культуры і "Беларусьфільма". Галоўныя ролі ў ёй сыгралі Аляксандр Кашпераў і Вольга Рэптух.

Судзіцца з "Кінавідэапракатам" Елхаў не хоча: кажа, што не хоча псаваць адносіны. Пагатоў, што ў лютым ім паабяцалі даць сеанс. "Ва ўсякім разе, так мне сказаў намеснік дырэктара пракату. Таму з судом пакуль пачакаем. Высветлім, якая дата, час сеансу. Калі будзе суд, тады давядзецца пракатваць яе толькі ў Расіі... А я вельмі хачу, каб гэтую карціну ўбачылі ў Беларусі", — тлумачыць аўтар фільма.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі