Прэс-сакратарка Лукашэнкі назвала тры прычыны пратэстаў 2020 года

Пратэсты ў 2020 годзе

Пратэсты ў 2020 годзе / Euroradio

Масавыя пратэсты 2020 года мелі некалькі прычын. Сваёй версіяй гэтых падзеяў падзялілася ў выступе на тэлеканале "Беларусь 1" Наталля Эйсмант — прэс-сакратарка Аляксандра Лукашэнкі.

Першым фактарам яна назвала пандэмію кавіду. У версіі Эйсмант выглядае так: "Тая ж пандэмія. Гэта найважнейшы фактар, які проста адцягнуў усеагульную ўвагу, а самае галоўнае — гэта ўвагу Лукашэнкі. Ён таксама ў гэтым прызнаваўся, што ніякай палітычнай кампаніі, а толькі пагружанасць яго ў працэсы аховы здароўя. Лукашэнка кожны дзень займаўся менавіта гэтым. І тут ён меў рацыю. Хто б гэта прызнаў на сённяшні дзень?"

Як вядома, сам Лукашэнка ў той час казаў, што ніякай надзвычайнай сітуацыі з захворваннямі няма. Ад кавіду ён прапаноўваў лячыцца трактарамі, гарэлкай, хакеем і нават козамі. Таксама ён публічна адмаўляў неабходнасць прышчэпак ад кавіду.

Другой прычынай пратэстаў Эйсмант назвала рост дабрабыту беларусаў: "Немагчыма не сказаць, што нашы людзі сталі значна больш самадастатковымі, атрымалі больш магчымасцяў. Ім цесна, хочацца вось гэтай самай "п'янкой свабоды". Усё разам гэта паўплывала".

Трэцяя прычына, паводле Эйсмант, была ў тым, што ўлады расслабіліся пасля прэзідэнцкіх выбараў 2015 года: на фоне падзеяў ва Украіне ў Беларусі выбары адбыліся ціха і без аніякіх сюрпрызаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі