Прэзентацыя на Еўрарадыё: сінгл "Доверяй мне" ад "Не прислоняться the band"

Праз два гады творчага зацішша мінская каманда "Не прислоняться the band" прэзентуе новы сінгл пад назвай "Доверяй мне". Музыкі папярэджваюць: песня можа падацца занадта простай, але менавіта з яе гурт вырашыў пачаць знаёмства слухача са сваім будучым альбомам.

"Гэта проста песня, у якой апісваюцца жыццёвыя моманты, якія, думаю, адбываліся з кожным. Мяркую, кожны зможа знайсці ў ёй нешта сваё", — распавядае лідар каманды Максім Юхновіч.

"Доверяй мне" — першы з сінглаў, якімі гурт плануе анансаваць выхад альбома. Бліжэй да Новага года музыкі абяцаюць рэліз яшчэ аднаго міньёна. Праца над дэбютнікам вялася больш за год. У пласцінку ўвойдзе 12 кампазіцый.

"Першапачаткова мы думалі выпусціць чарговы ЕР, але пасля з'явіўся новы матэрыял і мы вырашылі аформіць яго ў поўнафарматны альбом, — працягвае Максім Юхновіч. — Песні атрымаліся вельмі рознымі. Некалі мы пачыналі сваю дзейнасць са стылю поп-панк, пасля перайшлі да нечага больш сур'ёзнага. У гэтым альбоме можна будзе пачуць і адгалоскі панку, і больш сур'ёзныя тэмы і тэксты".

Назвы ў будучай пласцінкі пакуль няма — музыканты плануюць не браць у якасці загалоўка адну з песень альбома, а збіраюцца "прыдумаць асобную назву, якая б ахарактарызавала яго цалкам". Рэліз альбома запланаваны на пачатак 2014 года.

Падтрымаць выхад сінгла "Доверяй мне" "Не прислоняться the band" вырашылі кліпам, праца над якім ужо скончаная, а прэм'ера адбудзецца неўзабаве.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі