“Апошні золак” ці вяртанне супольных музычных праектаў (відэа)

5 кастрычніка ў Беластоцкай філармоніі з самай раніцы мітусня ды крыкі. Нервовасць літаральна лунае ў паветры. Генеральная рэпетыцыя праекта “Апошні золак” праходзіць проста жудасна. Гучанне кепскае, пастаянна ўзнікаюць непаразуменні між музыкамі і тэлевізіёншчыкамі, у курылцы альбо гучна выказваюць сваю незадаволенасць, альбо маўчаць утаропіўшыся ў падлогу.

“Мы ўпершыню ў гісторыі беларускай музыкі вырашылі зрабіць он-лайн прэзентацыю, дзе ствараецца не толькі непасрэдна музыка, але і пясочнае шоў, відэаінсталяцыі — усё настолькі дынамічна, цікава, што не ведаеш, куды глядзець на сцэне. Кожны ўклаў у гэта душу і, думаю, зрабіў карысць для грамадства”, — тлумачыць прычыну такой напружанай рэпетыцыі каардынатар праекта Сяргей Будкін.

У праекце задзейнічаныя Лявон Вольскі, Ганна Хітрык, Зміцер Вайцюшкевіч, Аляксандр Памідораў, Наста Шпакоўская, Віктар Рудэнка і Алесь Дзянісаў. Музыкі спяваюць па дзве песні, у якіх распавядуць пра асноўныя спосабы прывядзення ў выкананне выключнай меры пакарання. Палова з іх — цалкам новыя кампазіцыі, астатнія — вядомыя, але пераробленыя.

“Выйшла так, што ў кожнага выканаўцы ўжо ёсць песні, якія падыходзяць да абранай тэматыкі. Але мы вырашылі, што апроч вядомага матэрыялу, трэба і прэзентаваць нешта новае. Таму кожны з удзельнікаў напісаў яшчэ па адной новай песні на тэму, — працягвае распавядаць пра падрыхтоўку Сяргей. — Я шчыра здзіўлены, што з творчага боку праблем, у прынцыпе, не ўзнікла. Выканаўцы абсалютна дакладна зразумелі і пасыл, і ідэю. Хіба, было пытанне са Змітром Вайцюшкевічам, бо ён у прынцыпе не піша тэкстаў. Але мы выйшлі на выдатны верш Веры Бурлак “Лепш шыбенікі чым каты”, на якую Зміцер напісаў музыку”.

Аранжыроўкі для ўсіх песень робяць музыкі Chiefs Band. Лідар гурта Алесь Мышкевіч прызнаецца, што кожны з вакалістаў — моцная асоба, са сваімі ідэямі, бачаннямі ды нават капрызамі. Але ад вынікаў супрацоўніцтва музыка ў захапленні, і з задавальненнем падтрымае любую падобную ідэю.

“Мы заўсёды будзем браць удзел у падобных імпрэзах, бо нельга праходзіць міма такіх тэм, — кажа Алесь. — А што тычыцца працы з музыкамі, то мы ж усе старыя сябры. А калі сябры сустракаюцца, то заўсёды цудоўна бавіш час нягледзячы ні на што”.

Алесь ды іншыя ўдзельнікі праекта пасля прагону цалкам супакоеныя. Яны ўголас кажуць, што калі так кепска ўсё на генеральнай рэпетыцыі, то сам выступ будзе выдатным. Даволі спрэчная прыкмета. Але так яно і здараецца. Канцэрт кранальны, прыгожы, натхняльны, амаль без лаж, з выдатным гукам. Пясочнае шоў, якое праецыруецца на вялікі экран, зачароўвае. Сяргей Будкін называе мастачку Насту Шастак восьмым “вакалістам” праекта. Яна на сцэне ўвесь канцэрт, без яе візуалізацыі “Апошні золак” не будзе такім моцным.

“Гэта было вельмі складана, — прызнаецца Наста. — Па-першае, сама тэма складаная. А па-другое, маляваць цягам гадзіны нон-стоп пад кожную песню патрабуе вельмі шмат сілаў. Але мне было цікава, і я задаволеная вынікам”.

Увесь выступ у зале ніводнага лішняга гуку. Здымкі скончаныя, і некалькі дзясяткаў сяброў ды знаёмых (адзіныя наведвальнікі, закрытай імпрэзы), якіх уся дзея літаральна ўціснула ў крэслы, узрываюць залу апладысментамі.

Вечар закрываецца агульным банкетам ды спевамі пад гітару Вольскага, Вайцюшкевіча, Памідорава. Смех, жарты, падколкі: “Усё як у часы супольных музычных праектаў! Рэальна! Нават, не чакаў, што гэта яшчэ можна паўтарыць!” — кажа Аляксандр Памідораў і яго словы паўтараюць астатнія музыкі.

Наступным разам крыху адмантаваны канцэрт “Апошні Золак" будзе паказаны ў Сустветны дзень барацьбы са смяротным пакараннем 10 кастрычніка. Плануецца, што на фізічных носьбітах ён з’явіцца бліжэй да канца 2013 года.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі