Прэзідэнт Еўрапарламенту занепакоены гібеллю Алега Бябеніна
Прэзідэнт Еўрапарламенту Ежы Бузек выразіў занепакоенасць у сувязі з гібеллю заснавальніка сайту charter97.org Алега Бябеніна. Спадар Бузек заклікаў беларускія ўлады правесці аб’ектыўнае расследаванне абставінаў смерці журналіста. Нагадаем, што цела заснавальніка і кіраўніка сайту Хартыі’97 Алега Бябеніна знайшлі 3 верасня на яго лецішчы пад Мінскам. Праваахоўныя органы паспяшаліся паведаміць, што гэта было самазабойства. Аднак калегі журналіста лічаць, што смерць Бябеніна выклікае шмат пытанняў. Судмедэксперты блытаюцца нават ў даце наступлення смерці. Нябожчык не пакінуў ніякай цыдулкі, у яго было шмат планаў, да таго ж у яго засталіся жонка і двое сыноў.