Прэзідэнт кампаніі "Microsoft" наведаў радзіму сваіх продкаў — Пінск

Прэзідэнт і генеральны дырэктар кампаніі "Microsoft" Стыў Балмер наведаў Пінск — горад, дзе жылі яго прадзед і дзед па матчынай лініі.
Як распавёў старшыня пінскай габрэйскай суполкі Іосіф Ліберман, які суправаджаў Балмера, бізнэсовец прыехаў у Пінск з сястрой. Гэтую паездку ён зладзіў у якасці падарунку сястры да яе 50-годдзя.

Неафіцыйны візіт прэзідэнта "Microsoft" у Беларусь доўжыўся адзін дзень — 25 кастрычніка. Балмер і яго сястра наведалі месцы, звязаныя з габрэйскай гісторыяй Пінска, пабывалі ў Музеі беларускага Палесся, а таксама паглядзелі выставу габрэйскіх мастакоў, якая там дэманструецца.

На гарадскіх габрэйскіх могілках мясцовы гісторык паказаў знакамітаму госцю месца, дзе пахаваны яго прадзед. Стыў Балмер з сястрой пабывалі таксама каля будынку пякарні, якая некалі належала яго дзядзьку.

Наведаў Балмер і пінскую сінагогу, дзе пагутарыў з рабінам Мошэ Фімай і запаліў свечкі ў памяць аб загінулых продках.

БелаПАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі