Прэзідэнт Туркменістана запальваў на навагоднім карпаратыве ў якасці дыджэя
Прэзідэнт Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедаў стаў дыджэем на навагоднім карпаратыве для чыноўнікаў. Цягам гадзіны ён ставіў свае песні і тлумачыў сваім падначаленым, што такое дыджэйскі пульт, сэмпл, як міксаваць музыку і накладаць на яе спецэфекты. Дарэчы, шоў транслявалася па тэлевізару, а прысутныя на ім чыноўнікі і артысты славілі "заступніка".
Як нагадвае "Грамадскае", Бердымухамедаў не ўпершыню дэманструе ўласныя творчыя дасягненні. Так у красавіку 2019 года ён чытаў рэп пра сваю кабылу, напісаны ў гонар Нацыянальнага свята ахалкецінскага скакуна. Тады ён выступіў разам са сваім унукам, які таксама піша музыку.
Тым часам не адзін Бердымухамедаў можа пахваліцца творчымі здольнасцямі. Спяваць і іграць на баяне любіць Аляксандр Лукашэнка. Расійскі лідар Уладзімір Пуцін грае на фартэпіяна, а прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ўвогуле вядомы комік.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.