Прыйшлі і ў філармонію: затрыманы артыст Камернага хору
Дзяніс Іваноў / @by_culture
На сваім працоўным месцы ў Белдзяржфілармоніі быў затрыманы артыст камернага хору Дзяніс Іваноў, паведамляе TUT.BY са спасылкай на яго калег.
За Івановым прыйшлі напярэдадні днём. Тыя, хто прыйшоў, не прадставіліся і папрасілі праехаць з імі. Пазней артыст патэлефанаваў калегам і паведаміў, што знаходзіцца на допыце. Паводле яго слоў, яму абяцалі, што адпусцяць да вечара.
"Падчас размовы Дзяніс спытаў, дзе знаходзіцца, каб адвакат мог прыехаць да яго. Яму адказалі, што ў міліцыі, больш нічога", — цытуе агенцтва калег артыста.
Пазней прозвішча Іванова з'явілася ў тэлеграм-канале "Спісы Акрэсціна".
Раней яго ўжо затрымлівалі, як і некаторых іншых "харавікоў". У лістападзе яго асудзілі на 15 сутак за "дробнае хуліганства".
За ўдзел у масавай акцыі ў лістападзе штрафавалі і кіраўніка хора Concordia Галіну Казіміраўскую.
Пасля выбараў у Мінску склалася аб'яднанне музыкаў "Вольны хор", якія гатовыя праз спевы выказваць сваю пазіцыю. Яны з'яўляліся ў самых нечаканых месцах і выконвалі "нядобранадзейныя", з пункту гледжання ўлады, песні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.