Прызначаны новы галоўны трэнер ФК “Дынама-Брэст”
Прызначаны новы галоўны трэнер ФК “Дынама-Брэст”. Як інфармуе прэс-служба клуба, ім стаў 47-гадовы чэшскі футбольны спецыяліст Радаслаў Латал. З ім ужо дасягнутая дамоўленасць.
Латал — вядомы ў мінулым футбаліст, выступаў за нямецкі клуб “Шальке-04”, у 1997-м выйграў з ім Кубак УЕФА. А за год да гэтага чэх стаў срэбраным прызёрам кантынентальнага першынства. На трэнерскай працы ён быў спачатку ў Чэхіі, пасля — у Славакіі, дзе ачольваў “Кошыцэ” (з ім быў выйграны Кубак гэтай краіны), у Польшчы, дзе ў 2016-м разам з “Пястам” заваяваў срэбра, быў прызнаны лепшым трэнерам чэмпіянату. Радаслаў Латал не меў клуба з сакавіка 2017 года.
У мінулым сезоне брэсцкае “Дынама” выйграла Кубак Беларусі і не вельмі ўдала выступіла ў кваліфікацыі Лігі Еўропы. Першы круг чэмпіянату Беларусі ў вышэйшай лізе атрымаўся супярэчлівым, аднак другі дынамаўцы правялі выдатна і ў выніку занялі чацвёртае месца. Пасля завяршэння першынства стала вядома пра сыход галоўнага трэнера Уладзіміра Жураўля.
Можна меркаваць, што ў наступным сезоне перад брэсцкім “Дынама” будуць пастаўленыя задачы барацьбы за медалі чэмпіянату, за Кубак Беларусі і больш удалае выступленне ў Лізе Еўропы. У наступным сезоне за каманду будзе выступаць гулец гродзенскага “Нёмана” і нацыянальнай зборнай Беларусі Павел Савіцкі.