Пуціну дазволілі ўвесці войскі ва Украіну
Зварот расійскага прэзідэнта ў Савет Федэрацыі ўхвалены.
Камітэты Савету Федэрацыі па абароне і міжнародных справах ухвалілі зварот аб выкарыстанні Узброеных сіл РФ на тэрыторыі Украіны да стабілізацыі сітуацыі ў гэтай краіне.
Пра гэта было заяўлена на пазачарговым паседжанні Савету Федэрацыі.
Нагадаем, што прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін унёс зварот у Савет Федэрацыі аб выкарыстанні Узброеных сіл РФ на тэрыторыі Украіны да нармалізацыі грамадска-палітычнай абстаноўкі ў гэтай краіне.
“У сувязі з экстраардынарнай сітуацыяй, якая склалася ва Украіне, пагрозай жыццю грамадзян Расійскай Федэрацыі, нашых суайчыннікаў, асабістага складу вайсковага кантынгенту Узброеных сіл Расійскай Федэрацыі, які дыслакуецца ў адпаведнасці з міжнароднай дамовай на тэрыторыі Украіны (Аўтаномная Рэспубліка Крым), на падставе пункта “г” часткі 1 артыкула 102 Канстытуцыі Расійскай Федэрацыі ўношу ў Савет Федэрацыі Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі зварот аб выкарыстанні Узброеных сіл Расійскай Федэрацыі на тэрыторыі Украіны да нармалізацыі грамадска-палітычнай абстаноўкі ў гэтай краіне”, — гаворыцца ў дакуменце.
У ноч на чацвер 27 лютага невядомыя са зброяй захапілі будынкі Вярхоўнай Рады аўтаноміі і Савету міністраў Крыма ў цэнтральнай частцы Сімферопаля. На наступны дзень з’явілася інфармацыя пра перасячэнне мяжы Украіны 11 расійскімі верталётамі МІ-24, а таксама аб захопе невядомымі ўзброенымі людзьмі аэрапортаў Сімферопаль і Бельбек (Севастопаль). На сёння над Крымам цалкам закрытая паветраная прастора, а таксама перакрытыя блокпастамі ўезды па сушы на тэрыторыю аўтаноміі. Расія працягвае нарошчваць сваю ваенную прысутнасць у Крыме — склад расійскіх войскаў вырас да 6 тысяч чалавек.