П.Усаў: Не варта спадзявацца на новую палітычную адлігу
Так палітолаг пракаментаваў у жывым эфіры Еўрарадыё сённяшнія гучныя заявы Лукашэнкі ў Казахстане наконт адносінаў з ЗША і Еўрасаюзам.
На думку Паўла Ўсава, нічога надзвычайнага з Аляксандрам Лукашэнкам не здарылася, гэта звыклая рыторыка, якую ён выкарыстоўваў і раней. Ён ужо неаднаразова казаў, што ўсе праблемы ва ўзаемадачыненнях з Захадам ідуць толькі праз дзейнасць беларускай апазіцыі, але ўвогуле адносіны вельмі добрыя.
Тым не менш Захад усё адно патрабуе дэмакратызацыі Беларусі і вызвалення ўсіх палітвязняў.
Вядома, што 27 траўня ў Варшаву прыляціць прэзідэнт Злучаных Штатаў Барак Абама. Ён прыме ўдзел у саміце краін Усходняй і Паўднёвай Еўропы, на якім гаворка пойдзе пра сітуацыю ў Паўночнай Афрыцы і ў Беларусі. Ці не будзе Лукашэнка пачувацца няёмка ад таго, што амерыканскі прэзідэнт будзе так блізка?
“Не думаю, што Лукашэнку няёмка зробіцца, што Абама будзе ў Варшаве, зусім блізка да Беларусі. Гэты візіт не з’яўляецца для Лукашэнкі сімвалічным, бо Беларусь прыкрытая Расіяй. Таму па сутнасці гэта не зменіць палітыкі Еўрасаюза і Злучаных Штатаў. Калі дакладна, то ніякай палітыкі няма, бо ўсе санкцыі толькі дэкларацыі”, — каментуе Павал Усаў.
Затое, упэўнены палітолаг, беларускі лідэр неўзабаве пачне гандляваць палітычнымі вязнямі.
“Гандаль палітзняволенымі будзе адбывацца — гэта стоадсоткава. Але пасля таго, як усе атрымаюць прысуды. Бо для рэжыму вельмі істотна, каб была логіка ў гэтых прысудах. А логіка такая, каб максімальна запужаць апазіцыянераў і грамадства. Гандаль будзе працягвацца вельмі доўга і ён будзе прадаваць іх па вялікіх коштах, асабліва экс-кандыдатаў у прэзідэнты — Саннікава, Статкевіча, Уса. Калі Еўропа дасць крэдыт на развіццё эканомікі, то вызваленні будуць вельмі хуткімі, але гэта не значыць, што палітычныя сітуацыя ў Беларусі палепшыцца. Не варта спадзявацца на новую палітычную адлігу”.