П'яны рабочы скраў з вітрыны крамы бензапілу і прадаў яе на рынку
У Мінску п'яны дарожны рабочы скраў з вітрыны крамы будаўнічай тэхнікі бензапілу і прадаў яе на рынку. Яго вылічылі па запісах з відэакамер.
Пра гэтую крымінальную гісторыю распавяла афіцыйная прадстаўніца Маскоўскага РУУС сталіцы Вольга Міхаленя. Знікненне бензапілы коштам больш за 1000 рублёў з вітрыны каля ўваходу заўважылі толькі ў канцы дня. Уладальнік крамы звярнуўся ў міліцыю. Асобу злодзея хутка высветлілі, мужчыну затрымалі. Ён спасылаўся на тое, што ў момант крадзяжу быў у моцным алкагольным ап'яненні. На наступны дзень рабочы прадаў бензапілу за 200 рублёў на рынку ў Ждановічах.
Крымінальную справу распачалі па артыкуле "Крадзеж". Мужчыне пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. Раней ён ужо прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за крадзеж.