Рабаў: Чэрвень будзе цяплейшым за норму, але і вельмі сухім

Рабаў: Чэрвень будзе цяплейшым за норму, але і вельмі сухім

Першы месяц лета будзе вельмі цёплым, але і вельмі сухім. Пра гэта паведаміў начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага гідраметцэнтра Дзмітрый Рабаў. Па яго інфармацыі, сярэднемесячная норма тэмпературы паветра для гэтага перыяду — +15 — +17 градусаў, але яны будзе вышэйшай прыкладна на адзін градус. Пры гэтым сіноптыкі прадказваюць, што ападкаў будзе меней за кліматычную норму.

Цягам месяца тэмпература паветра будзе павышацца. У першай дэкадзе надвор’е яшчэ будзе дастаткова вільготным: чакаюцца кароткачасовыя дажджы, месцамі навальніцы. Уначы тэмпература паветра складзе ў сярэднім па краіне +7 + 14°С, удзень ў першай палове дэкады ў асноўным +19 + 27°С, у другой палове дэкады чакаецца +15 + 22°С.

З 11 па 20 чэрвеня надвор’е будзе няўстойлівым — з перыядычнымі дажджамі і навальніцамі. Тэмпература паветра ўначы будзе ў межах +8 + 15°С, а ўдзень — пераважна +18 + 25°С, часам падчас дажджоў не вышэй за +15 + 17°С, у асобныя дні месцамі, у асноўным па поўдні, — +26 + 28°С.

У трэцяй дэкадзе, з 21 па 30 чэрвеня ў асобныя дні прагназуюцца кароткачасовыя дажджы з навальніцамі. Начамі будзе +10 + 17°С, месцамі +18 + 20°С, а ўдзень паветра прагрэецца да +20 + 27°С. На поўдні краіны чакаецца некалькі вельмі гарачых дзён, калі на поўдні будзе +28 + 31°С.

 

Сіноптыкі склалі прагноз надвор'я на ўсё лета

ЛІПЕНЬ: Сярэдняя месячная тэмпература паветра чакаецца на 1°С вышэйшая за кліматычную норму (норма +17 + 19 ° С). Самым гарачым за ўсю гісторыю метэаралагічных назіранняў выдаўся ліпень 2010, калі сярэднямесячная тэмпература склала + 22,6ºС і амаль на 5ºС перавысіла кліматычную норму. Абсалютны максімум тэмпературы паветра (+ 37,9 ° С) адзначаны ў 1936 г. на метэастанцыі Лельчыцы 29 ліпеня і на метэастанцыі Гомель 30 ліпеня.

Дажджоў будзе менш, чым звычайна. У сярэднім у ліпені бывае ад 12 да 16 дзён з ападкамі.

ЖНІВЕНЬ: Сярэдняя месячная тэмпература паветра чакаецца каля кліматычнай нормы (кліматычная норма +16 + 17°С). Самы цёплы жнівень быў у 2010 годзе з сярэднямесячнай тэмпературай паветра па Беларусі +20,8°С, што на 4,3°С вышэй за кліматычную норму. Абсалютны максімум тэмпературы паветра (+38,9° С) зарэгістраваны днём 8 жніўня 2010 года на метэастанцыі Гомель — гэта самая высокая тэмпература, якая зафіксаваная на тэрыторыі Беларусі за ўвесь перыяд метэаралагічных назіранняў.

Колькасць ападкаў будзе ў межах нормы: 11-15 дзён з дажджом.

 

Будзе больш антыцыклонаў з-за глабальнага пацяплення

Не абыдзецца ў летні перыяд і без спёкі: яе нам забяспечаць блакавальныя антыцыклоны (такія ж падсмажваюць нас летам 2010 года). Чакаецца некалькі хваляў спёкі працягласцю не больш аднаго тыдня. У сувязі з глабальным пацяпленнем, так званыя блакавальныя антыцыклоны сталі з'яўляцца часцейшымі, менавіта яны ўтрымліваюць у нас сухое і гарачае надвор'е летам.

І гэтым летам будуць завісаць гарачыя атмасферныя "монстры".

 

Павялічылася нераўнамернасць выпадзення ападкаў

Прыкладна 80% усіх выпадкаў з'яў прыпадае на летні перыяд года (навальніцы, шквалы, моцныя ліўні, град, надзвычайная пажаранебяспечнасць), калі адзначаецца актыўная канвектыўная дзейнасць. За апошнія 20 гадоў некалькі ўзрасла колькасць гарачых дзён з максімальнай тэмпературай паветра ≥25ºС.

За перыяд пацяплення ўзрасла колькасць сухіх дзён у спалучэнні з максімальнай тэмпературай паветра (≥25ºС), што з'яўляецца неспрыяльным фактарам для ўмоў росту сельскагаспадарчых культур, а таксама для гідралагічнай абстаноўкі. Тэндэнцыя павелічэння паўтаральнасці спалучэння максімальнай тэмпературы паветра ≥25ºС і колькасці сухіх дзён на тэрыторыі Беларусі за гэты перыяд праяўляецца асабліва часта ў ліпені-жніўні.

Нягледзячы на тое, што ў перыяд пацяплення сумы ападкаў не зведалі значных змен, прыкметна павялічылася нераўнамернасць выпадзення ападкаў, як сярод года, так і ў цэлым за асобныя гады.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі