Рабочы з Мінска трапіўся на жыўца і атрымаў у Расіі 10 гадоў за наркотыкі
Прысуд Хімкінскага суда па справе супраць Юрыя / скрыншот Еўрарадыё
Гэтая гісторыя адбылася год таму ў Маскве з беларускім рабочым Юрыем Г. (прозвішча ёсць у рэдакцыі Еўрарадыё). Як і многія жыхары Беларусі, у цяжкія гады ён падаўся на заробкі ў Расію. З часам жыццё наладзілася, Юрый знайшоў добрую працу.
Мужчына не быў наркаманам, хоць часам ужываў наркотыкі разам з сяброўкай. А аднойчы клюнуў на прапанову бясплатнай дозы ў "Тэлеграме". Калі ён прыехаў па закладку, у двары ўжо чакалі аператыўнікі. Грошай, каб адкупіцца, у яго не было. У выніку Юрый па прыгаворы суда павінен правесці дзесяць гадоў за кратамі. Сваю гісторыю ён расказвае Еўрарадыё з калоніі.
Неўладкаваны будаўнік
Юрый Г. паехаў на заробкі ў Расію ў лютым 2014 года. У Мінску ён працаваў на МАЗе, але заробак не задавальняў — таму падчас адпачынку мужчына вырашыў падпрацаваць у Маскве.
Там Юрый (тады яму было 38 гадоў) уладкаваўся на будоўлю. Але грошай яму не заплацілі. Вяртацца дадому з пустымі кішэнямі не хацелася, таму мужчына ўладкаваўся на іншую будоўлю, потым яшчэ на адну. Але і там працадаўцы не спяшаліся плаціць.
"Грошай дабрацца дадому не было. Нават на метро не было, а адпачынак мой ужо скончыўся, — кажа мужчына. — І я ведаў, што мяне, хутчэй за ўсё, ужо звольнілі з МАЗа. Так-сяк дабраўся да Беларускага вакзала, на тэлефоне былі яшчэ капейкі. Я стаў шукаць новую працу, па газетах і гэтак далей. Нібыта былі варыянты, але да іх нават не было грошай дабрацца. Трое сутак я жыў на вакзале, нічога не еў. І тут сустрэў трох хлопцаў з Гродна. Мы пазнаёміліся, я расказаў сваю гісторыю. Яны сказалі, што тут гэта звычайная рэч. Маўляў, такіх, як я, многа".
Новыя знаёмыя накармілі Юрыя, які ўжо страціў надзею, далі грошай на праезд і падказалі надзейнага працадаўцу ў Падмаскоўі. Жыццё стала наладжвацца: беларус займаўся рамонтам будаўнічай тэхнікі, у яго завяліся грошы. Ён стаў сустракацца з дзяўчынай, час ад часу атрымлівалася лятаць у Беларусь да маці. Так ён пражыў наступныя тры гады.
Лоўля на жыўца
"Аднойчы мне патэлефанаваў знаёмы, з якім мы калісьці разам працавалі, — расказвае Юрый. — Мы сустрэліся, з ім была яго дзяўчына, ён прапанаваў купіць наркотыкаў. Маўляў, ён ведае, дзе і як. Я паддаўся, даў грошай, і мы купілі. Потым прайшло месяцы тры, і мне патэлефанавала яго дзяўчына. Яна шукала Жэню, сказала, што ён кудысьці знік і што, калі мне будзе нешта трэба ў плане наркотыкаў, я магу звярнуцца да яе".
11 сакавіка 2018 года мужчыну ў "Телеграме" прыйшло паведамленне ад інтэрнэт-крамы па продажы наркотыкаў з прапановай бясплатна ўзяць дозу. "Гэта ў якасці рэкламнай акцыі, ім патрэбна была кліенцкая база, — тлумачыць Юрый. — Паколькі я ў гэтым нічога не разумеў, скінуў спасылку сваёй знаёмай. Яна сказала, што нармальная крама і што яна запісалася, параіла мне запісацца таксама".
У Беларусі інтэрнэт-крамы з наркотыкамі таксама актыўныя ў "Тэлеграме": праз гэты месенджар маладым людзям прыходзяць паведамленні з прапановамі "высокааплатнай працы". Аднак Еўрарадыё не вядомыя выпадкі, калі беларускія інтэрнэт-крамы самі, наўпрост прапаноўвалі б камусьці набываць наркотыкі, а тым больш — атрымліваць іх бясплатна.
На наступны дзень, 12 сакавіка, Юрыю і яго знаёмай даслалі адрас з месцам "закладкі". Спачатку мужчына адмаўляўся ехаць, таму што дабірацца трэба было на іншы канец горада. Але знаёмая настаяла. Месцы кладаў з наркотыкамі апынуліся ў адным двары. У Юрыя — у сметніцы, а ў дзяўчыны — у пад'ездзе. У дом ім трапіць не ўдалося, таму Юрый са спадарожніцай адправіліся забіраць наркотыкі са сметніцы.
"Я дастаў са сметніцы закладку, не заглядваў у яе, а проста сціснуў пачак у руцэ, каб пераканацца, што ён не пусты. Паклаў у кішэню, і мы зноў пайшлі ў бок пад'езда, дзе знаходзілася закладка маёй знаёмай. Я паспеў прайсці ўсяго метраў 30, як на мяне ззаду накінуліся аператыўнікі і надзелі наручнікі. У машыне яны папрасілі мільён расійскіх рублёў за маю свабоду. Зразумелі, што такіх грошай у мяне не было. Я спрабаваў папрасіць патэлефанаваць сябрам, маўляў, змагу сабраць тысяч 200-300. Але яны сказалі, што гэтага занадта мала".
"Ад яе паказанняў у мяне валасы сталі дуба"
На Юрыя завялі крымінальную справу. Да матэрыялаў была далучаная даведка аб аператыўна-вышуковым мерапрыемстве, якую напісаў адзін з паліцэйскіх. Ён піша, што а 18:00 разам з калегамі прыехаў у двор, дзе знаходзіліся Юрый са знаёмай, таму што атрымаў аператыўную інфармацыю аб неўсталяваным мужчыне, які займаецца незаконным збытам наркотыку "соль" і можа захоўваць яго пры сабе.
Знаёмай Юрый сказаў, што ёй баяцца няма чаго, таму што ў яе наркотыкаў не было. У аддзяленні ён расказаў сваю версію таго, што адбылося, прасіў патэлефанаваць сваёй сяброўцы Людміле і прапанаваць адваката. Па словах мужчыны, аператыўнікі казалі, што спачатку яму трэба даць прызнальныя паказанні, а пасля можна будзе патэлефанаваць дзяўчыне.
У матэрыялах справы сказана, што ў пачку, які канфіскавалі з яго кішэні, было дзесяць скруткаў з наркотыкам альфа-PVP рознай масы. Агульная вага рэчыва склала 4,96 грама. Гэта нашмат больш, чым тая "бясплатная доза", якую Юрыю абяцалі ў "Тэлеграме".
Па матэрыялах следства, мужчына набыў наркотыкі з мэтай збыту. Яму інкрымінавалі пункт "г" чацвёртай часткі наркатычнага 228-га артыкула Крымінальнага кодэкса Расіі. У беларускім заканадаўстве гэта была б частка 3 артыкула 328 — незаконнае з мэтай збыту набыццё і захоўванне асабліва небяспечных наркатычных сродкаў у буйным памеры.
Падчас допыту ў следчага Юрый даведаўся, што ягоная знаёмая ў справе праходзіць сведкай.
"Ад яе паказанняў у мяне валасы сталі дуба, — успамінае мужчына. — Яна сказала, што я прыязджаў да яе, частаваў наркотыкамі і што абяцаў пачаставаць і гэтым разам, калі яна прыедзе пагуляць са мной".
На вочнай стаўцы, па словах Юрыя, дзяўчына памяняла паказанні. Але ў прыгаворы па ягонай справе сказана, што яна зрабіла гэта спецыяльна, каб дапамагчы Юрыю змякчыць крымінальную адказнасць.
Выпадковасці цаной у 10 гадоў
На судзе Юрый часткова прызнаў віну і сказаў, што набыў і захоўваў выяўленыя ў яго наркотыкі. Матэрыялы справы, якія ёсць у распараджэнні Еўрарадыё, пацвярджаюць словы Юрыя пра тое, што ў яго крыві не знойдзена слядоў наркатычных сродкаў.
Мужчына заявіў, што не меў намеру на збыт і купіў рэчыва для асабістага ўжывання. Аднак 13 ліпеня 2018 года Хімкінскі гарадскі суд прысудзіў Юрыя да дзесяці гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі строгага рэжыму.
Юрый кажа, што ў расійскіх турмах за наркотыкі сядзяць і іншыя беларусы. У калоніі з ім апынуўся хлопец з Гродна.
"Яму далі 10 гадоў і 6 месяцаў, хоць наркотыкаў пры сабе ў яго не было. Хтосьці сказаў, што купляў у яго, а на вочнай стаўцы не пацвердзіў, што гэта той чалавек. Але хлопец усё роўна атрымаў тэрмін".
Ёсць пытанні і да справы самога Юрыя Г. Самае галоўнае — такое: якая ў ёй роля сілавікоў? Хто стаіць за інтэрнэт-крамай, якая праз "Телеграм" адправіла мужчыну прапанову з бясплатнай дозай? Чаму крама "расшчодрылася" і замест адной дозы альфа-PVP паклала ў закладку цэлых дзесяць, так ператварыўшы свайго пакупніка ў збытчыка? Калі пачаліся і як складваліся адносіны аператыўнікаў з дзяўчынай, якая пераканала Юрыя паехаць па закладку на іншы канец горада? Наколькі выпадковыя ўсе гэтыя абставіны, пад уплывам якіх беларус апынуўся ў двары ў Хімках — у наручніках, з закладкай у руках?