Работніка аэрапорта судзілі за ліст пра мініраванне і "прывітанне ад спецназа"
Суд Гомельскага раёна вынес прысуд па справе 47-гадовага работніка Гомельскага аэрапорта. У чэрвені сёлета мужчына, які займаў пасаду начальніка дагляду, паведаміў пра тое, што аэрапорт замініраваны. Зрабіў ён гэта пры дапамозе чатырох аркушоў паперы, на якіх было надрукавана: "Вы замініраваныя, прывітанне ад спецназа". Іх ён уначы расклаў на тэрыторыі аб'екта. У выніку, у аэрапорце давялося працаваць сапёрам, якія нічога падазронага не знайшлі.
Як паведамляе БЕЛТА, работнік аэрапорта патлумачыў свой учынак жаданнем праверыць сістэму авіяцыйнай бяспекі і рэакцыю супрацоўнікаў. Праўда, у яго службовыя абавязкі такія дзеянні не ўваходзілі. Сваю віну мужчына цалкам прызнаў. Яго прызналі вінаватым у заведама ілжывым паведамленні пра падрыхтоўку выбуху, а таксама ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў. Ужо былы начальнік дагляду атрымаў год пазбаўлення волі з адтэрміноўкай прысуду на адзін год. На працягу двух гадоў у яго не будзе права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распараджальных функцый.
Фота: ria.ru, Fotolia