Расійскі эксперт: Хутчэй за ўсё, Беларусь страціць транзіт расійскай нафты

120406 Krucihin.mp3

Еўрарадыё: Сёння з’явілася інфармацыя, што Расія абмяжуе пастаўку нафты на нафтаперапрацоўчыя заводы Чэхіі, якія, у тым ліку, належаць польскай кампаніі ORLEN. Нафта пастаўляецца нафтаправодам  БТС2, які разгаліноўваецца на мяжы з Беларуссю, і на Захад можа ісці Праз порт у Санкт-Пецярбургу. Ці можа гэта значыць, што Расія спрабуе выключыць Беларусь і ,быць можа, Украіну з маршруту пастаўкі сваіх энерганосьбітаў?


Міхаіл Круціхін: Тут бачныя дзве тэндэнцыі. Сапраўды, Расія хоча перанесці маршрут нафты з Беларусі да свайго новага порту на Поўначы. Я нагадаю, што ў студзені 2007 года тады яшчэ прэзідэнт Пуцін згадзіўся з прапановай “ТрансНефть” поўнасцю закрыць нафтаправод “Дружба” і адправіць нафту ў бок Прыморска. Потым гэта перагледзелі, скарацілі аб’ём транспарціроўкі і частку нафты ўсё ж такі пакінулі для Беларусі, пастаўляць “Дружбай”. Цяпер Расія была б зацікаўленая павялічваць пастаўкі ў Чэхію, Венгрыю і Славакію. Бо калі гэта адбудзецца, то перашкодзіць Украіне транспартаваць нафту з боку Каспійскага мора. Украіна збіраецца пастаўляць нафту з Азербайджана. І вось, каб перашкодзіць украінцам, Расія магла б павялічваць пастаўку нафты нафтаправодам “Дружба”.  З іншага боку, Расія можа скараціць пастаўкі нафты ў Еўропу па адной простай прычыне – расійскія нафтавыя кампаніі хочуць павялічыць аб’ём нафтавых плыняў у азіяцкі бок. З наступнага года такая магчымасць з’явіцца, калі будзе здадзеная ў эксплуатацыю новая лінія нафтаправоду. Таму пэўную колькасць тон нафты Расія можа перакінуць з еўрапейскага кірунку на азіяцкі – гэта выгадней расійскім нафтавым кампаніям. Там расійская дзяржава субсідуе пампаванне нафты, а да гэтага – спажыўцы дадаткова выплачваюць прэміі. У Еўропе – інакш. Таму ўсе хочуць дастаўляць нафту менавіта на Азію. Але ж, вядома, еўрапейскія спажыўцы ад гэтага пацярпяць.

Еўрарадыё: Чым еўрапейскія спажыўцы змогуць замяніць тую нафту, што перанакіруюць у бок Азіі?


Міхаіл Круціхін:   Калі зірнуць на паўночную галіну “Дружбы” – прыбалтыйскія дзяржавы, Польшча і Германія – дык яны змогуць атрымліваць нафту танкерамі з якойсьці іншай крыніцы. Палякі ж ужо атрымліваюць нафту праз порт у Гданьску. Ёсць, таксама, магчымасць, атрымліваць частку каспійскай нафты, калі Україна скіруе яе сваёй лініяй Адэса-Броды.


Еўрарадыё: Што гэта значыць для Беларусі? Ці значыць гэта, што Беларусь страціць транзіт энерганосьбітаў?


Міхаіл Круціхін: Хутчэй за ўсё, менавіта так і адбудзецца. Калі ў 2007 годзе планавалася закрыццё “Дружбы”, для Беларусі ў гэтых трубах пакідалі столькі нафты, каб забяспечыць два нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы ў Мазыры ды  Полацку. Гэта і будзе гарантавана – 18-20 мільёнаў тон на год. Але транзіт абмяжуюць.
Еўрарадыё: А як гэта суадносіцца з заявай прэзідэнта “ТрансНефть” Баркова, што кампанія хоча купіць у Беларусі яе частку нафтаправода “Дружба”?
Міхаіл Круціхін: Купіць гэты нафтаправод было б выгадна “ТрансНефти”, бо перанакіраванне нафтавых плыняў сустракаецца з пэўными перашкодамі. Няздольная прыняць адпаведнага аб’ёму нафты ў год, 30-і мільёнаў тон, – труба БТС2 стаіць пустая. Бо той нафце, якую трэба зняць з беларускага кірунку – ёй няма куды падзецца. З0 мільёнаў тон на год – гэта трэба наладжваць два танкеры на суткі. Тыя два прычалы, што мае “ТрансНефть” – яны не прымуць такога аб’ёму. Таму звычайныя падлікі кажуць, што для Беларусі крыху нафты застанецца.


Еўрарадыё: То бок, калі “ТрансНефть” зможа набыць той нафтаправод, то захавае транзіт праз Беларусь, калі ж не зможа – дык будзе шукаць шляхоў неяк Беларусь абысці…


Міхаіл Круціхін: Не, агульная тэндэнцыя ў тым, што пастаўка расійскай нафты на Еўропу паменшыцца на 50 мільёнаў тон у год. Але пэўныя плыні застануцца і “ТрансНефть” захавае экспарт нафты “Дружбай”. Вось для таго, каб аператыўна карыстацца дзвюма галінамі “Дружбы”, “ТрансНефть” хоча займець над імі поўны кантроль.

Сумны канец “венесуэльскай” нафты


Еўрарадыё: Сёння з’явілася інфармацыя, што Беларусь усё ж такі адмовіцца ад нафты з Венесуэлы. Некалькі год таму гучалі галасы, у тым ліку і з Расіі, што атрымліваць нафту з Венесуэлы – гэта цікавы ход беларускага ўраду. Як вы пракаментуеце такі “сумны” канец гісторыі з венесуэльскай нафтай?


Міхаіл Круціхін: Эканамічна атрымліваць нафту з Венесуэлы было немэтазгодна. Але ж Беларусь магла б выкарыстоўваць сваю нафту, якую ў межах сумеснага прадпрыемства яна здабывае ў Венесуэле. У Беларусь венесуэльская нафта не пастаўлялася. Венесуэла экспартавала нафту на рынкі паўднёвай Еўропы, а ў Беларусь, паводле схемы замяшчэння, трапляла азербайджанская нафта. Але кошты на тую нафту былі нашмат большыя за кошт нафты з Расіі, тым больш, у межах мытнага саюзу Казахстана, Расіі ды Беларусі. Таму эканамічна гэтая схема не апраўдала сябе.


Еўрарадыё: То бок, вы лічыце, што неўзабаве Расія застанецца адзіным пастаўшчыком нафты ў Беларусь?


Міхаіл Круціхін: Так, бясспрэчна. Гэта патрэбна для таго, каб забяспечыць заводы ў Мазыры ды Полацку, і часткова захаваць транзіт на Германію, Чэхію ды Славакію – нафтавых плыняў старой сістэмай “Дружба”.


Еўрарадыё: Колькі Беларусь можа страціць праз меншы аб’ём нафты, што пастаўляецца праз нашу краіну?


Міхаіл Круціхін: Цяжка казаць пра лічбы. 18-21 мільён тон будзе паступаць у Беларусь, паводле колькасці, якую змогуць перапрацаваць беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы. А астатняе… Не выключаю, што транзітам будуць пастаўляць ад 20-і да 40-а мільёнаў тон на год. Але, зноў жа, пра лічбы казаць пакуль цяжка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі