Расійскі консул: Спадзяемся, на два месяцы Баўмгертнер тут не затрымаецца

Паводле словаў дыпламата, з пераведзеным з СІЗА КДБ пад хатні арышт гендырэктарам "Уралкалія" яму дазволілі пагаварыць каля 20 хвілін.



Ігар Карагін: “Дзесьці хвілінаў 20 гэтая сустрэча працягвалася, на сустрэчы прысутнічаў адвакат. Выглядае (Баўмгертнер. — заўв. Еўрарадыё) — вельмі нядрэнна, ні на што не скардзіцца, ніякіх прэтэнзій няма ў яго, просьбаў і пажаданняў таксама ніякіх не выказаў. З ім там знаходзяцца яго бацькі”.



Дзе знаходзіцца “кватэра Баўмгертнера” да яе наведвання Ігар Карагін не ведаў — яго туды адвезлі аператыўнікі. Што тычыцца ўмоў “хатняга арышту”, то дыпламат называе іх добрымі. Прынамсі, сам Уладзіслаў Баўмгертнер на іх не скардзіцца і прызнаецца, што яны “нашмат лепшыя, чым былі ў СІЗА”.



Ігар Карагін: “У яго ёсць магчымасць спортам займацца — пакуль не выходзячы адтуль, дзе ён знаходзіцца. Прадукты яму прывозяць адвакаты — ён спіс дае, маці гатуе. Можа быць, разглядаецца пытанне, што яму дазволяць прагулкі. Тэлебачанне расійскае ў яго ідзе, газеты расійскія яму дастаўляюць, карэспандэнцыя прыходзіць”.



Згодна са словамі Карагіна, калі ад Баўмгертнера не будзе нейкіх адмысловых просьбаў да расійскіх дыпламатаў, то самі яны наступны раз пацікавяцца яго жыццём у мінскай кватэры толькі праз два месяцы. Праўда, у адказ на пытанне Еўрарадыё выказаў спадзяванне, што чарговай сустрэчы не спатрэбіцца.



Еўрарадыё: Наступны раз вы наведаеце Баўмгертнера праз два месяцы — думаеце, яго знаходжанне тут зацягнецца на такі тэрмін?



Ігар Карагін: “Мы спадзяемся, што не зацягнецца!”



Хто аплачвае кватэру і прадукты, дыпламат не ведае — гэта пытанне падчас сустрэчы не абмяркоўвалася. Затое, па словах Ігара Карагіна, уздымалася тэма працы беларускіх адвакатаў. Уладзіслаў Баўмгертнер цалкам задаволены, як яны выконваюць свае абавязкі.



Дыпламат асабліва адзначыў, што аператыўнікі, якія знаходзяцца ў кватэры разам з Баўмгертнерам, пры размове не прысутнічалі — забяспечылі суразмоўцам канфідэнцыйнасць.

Фота і відэа Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі