Расійскія ўлады патрабуюць не рэкламаваць "незаконныя акцыі" праз YouTube
Раскамнагляд накіраваў на адрас кампаніі Google ліст, у якім патрабуе "прыняць меры па недапушчэнні рэкламавання несанкцыянаваных (незаконных) масавых мерапрыемстваў на відэахостынгу Юцюбе, які належыць кампаніі", паведамляе сайт расійскага ведамства.
Расійскія ўлады сцвярджаюць, што пэўныя структуры, якія маюць YouTube-каналы, набываюць рэкламныя інструменты, кшталту push-паведамлення, з мэтай распаўсюджвання інфармацыі аб несанкцыянаваных (незаконных) масавых мерапрыемствах, "у тым ліку накіраваных на зрыў выбараў федэральнага і рэгіянальнага значэння".
Пры гэтым такія push-паведамленні паступаюць у тым ліку карыстальнікам, якія не падпісаныя на YouTube-каналы гэтых структур, адзначаюць у Раскамнаглядзе.
У выпадку непрыняцця Google захадаў рэагавання Расійская Федэрацыя будзе расцэньваць гэта "як умяшанне ў суверэнныя справы дзяржавы, а таксама варожае ўздзеянне і перашкоду правядзенню дэмакратычных выбараў у Расіі", пакідаючы за сабой права на адэкватную рэакцыю, падкрэсліваецца ў лісце.
Акцыі пратэсту "За свабодныя выбары" праходзяць пяты тыдзень у Маскве ды некаторых іншых гарадах Расіі. Затрымана болей за 2 тысячы чалавек, распачатая крымінальная справа аб масавых беспарадках.
Нядаўна Раскамнагляд рэкамендаваў расіянам заляпіць відэакамеры на сваіх ноўтбуках дзеля таго, каб за імі не змаглі сачыць кіберзлачынцы.