Раскрытая асоба "старэйшага па кірунку Беларусі" ў ПВК "Вагнер"

Сяргей Чубко ("Піянер") / myrotvorets.center

Сяргей Чубко ("Піянер") / myrotvorets.center

Раскрытая асоба "старэйшага па кірунку Беларусі" ў ПВК "Вагнер". Яўген Прыгожын раней назваў яго пазыўны — "Піянер". Высвятляецца, што гэта 46-гадовы ўраджэнец украінскіх Чарнаўцоў Сяргей Чубко. Пра яго пішуць расследавальнікі рэсурсу All eyes on Wagner і "Наша ніва".

Чубко з сям'і савецкага вайскоўца. Яго бацька ваяваў у Афганістане. Пасля развалу СССР сям'я пераехала ў Расію, у горад Наварасійск. У 1994-м Сяргей Чубко стаў служыць па кантракце ў расійскай арміі, ваяваў у Чачні. У 2002-м ён скасаваў кантракт і перайшоў у прыватную ахоўную кампанію ў Наварасійску. Бізнэсам у сферы прыватных ахоўных прадпрыемстваў займаўся яго бацька (часта яны працавалі разам).

У 2003-м Сяргей Чубко, які не меў вышэйшай адукацыі, нечакана ўзначаліў камітэт па справах моладзі ў адміністрацыі горада. У 2010 годзе ён зноў стаў ахоўнікам у некалькіх фірмах, а таксама быў супрацоўнікам прыватнага ахоўнага прадпрыемства "Русіч". У 2011-м Чубко-малодшага хацелі пазбавіць расійскага грамадзянства за тое, што ён быццам бы таемна мае грамадзянства Украіны.

Да ПВК "Вагнер" Сяргей Чубко далучыўся ў студзені 2017-га. Пасля гэтага ён едзе ў Сірыю. Там ён робіць кар'еру: праз год службы яго ставяць кіраўніком вайсковай аперацыі "Вагнера" ва Усходняй Гуце. Далей была Лівія, дзе Чубко становіцца рэгіянальным кіраўніком ПВК. Пасля вяртання ў РФ ён нейкі час працаваў у фірме, якая займалася арганізацыяй грузаперавозак і гандлем. Але пасля зноў вярнуўся да вагнераўцаў. У 2021-м Сяргей Чубко служыў у Сірыі, пасля — кіраўніком аперацый ПВК ў ЦАР, дзе вагнераўцы дзейнічалі асабліва жорстка.

Далей была вайна ва Украіне, баі за Бахмут, "паход на Маскву" 23-24 чэрвеня 2023-га. У ліпені Чубко прыехаў у Беларусь з Расіі разам з аўтакалонамі ПВК "Вагнер". Прыгожын прызначыў яго кіраўніком базы вагнераўцаў у РБ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі