Разам з Trubetskoy на фэсце Galapagai Беларусь прадставіць Drum Ecstasy
Сярод 50 айчынных каманд, якія прэтэндавалі на ўдзел у літоўскім фестывалі, арганізатары аддалі перавагу беларускім бубначам.
Гурт Drum Ecstasy стаў уладальнікам другой пуцёўкі ад Беларусі на музычны фестываль Galapagai у Літве, дзе таксама выступяць гурты Trubetskoy (Беларусь), Pendulum (Вялікабрытанія), Mobb Deep (ЗША) і іншыя артысты. Беларускія гледачы маюць магчымасць атрымаць бясплатныя візы для паездкі на мерапрыемства пры падачы дакументаў не пазней за 16 ліпеня.
"Узровень беларускіх гуртоў, якія прэтэндавалі на ўдзел, вельмі высокі, з гэтых артыстаў можна было б зрабіць яшчэ адзін фэст! Хочам адзначыць рокераў Nizkiz, электроншчыка Alexei De Bronhe ды інды-праект Mustelide. Кагосьці з іх мы абавязкова запросім у наступным годзе", — дзеліцца ўражаннямі арганізатар Galapagai Альгірдас Барнішкіс.
Фестываль Galapagai пройдзе 24-25 ліпеня на азёрным востраве каля гарадка Езяросы (Зарасай), на мяжы Літвы, Латвіі і Беларусі. На чатырох сцэнах выступяць больш за 40 артыстаў ,у тым ліку Аліна Арлова (Літва), Toploader (Вялікабрытанія), The Petebox (Вялікабрытанія), G & G Sindikatas (Літва).
Кошты квіткоў ад 700 000 да 1 200 000.