ReBrest: як Віктар Клімус з Варшавы аднаўляе помнікі архітэктуры Беларусі ў 3D
“Дагэтуль уся гісторыя Брэста — гэта вайна ды немцы. Я не ведаю добрых экспазіцый і распрацовак, якія тычыліся б больш старажытных часоў”, — звяртае ўвагу на праблему роднага горада беларускі актывіст Віктар Клімус.
У снежні 2020 года, хаваючыся ад крымінальнага пераследу, хлопец быў вымушаны перабрацца ў Варшаву. У Брэсце Віктар займаўся культурнымі мерапрыемствамі на пляцоўцы “Грунтоўня”. У часе мірных пратэстаў усталёўваў на плошчы калонкі, якія пазней былі адабраныя мясцовай міліцыяй.
У Польшчы хлопец не спыніў сваю грамадскую дзейнасць. Разам з аднадумцамі ён працуе над праектам AR-візуалізацыі страчанай архітэктурнай спадчыны ReBrest.
Што гэта такое і як з дапамогай праграмы на тэлефоне паглыбіцца ў гісторыю роднага горада?
Віктар Клімус: ReBrest — мабільная праграма, дзякуючы якой зараз можна паглядзець 3D-мадэль старажытнага будынка, якога больш няма, у фармаце дапоўненай рэальнасці. У карыстальнікаў ёсць магчымасць разглядаць як маленькія мадэлі на тэлефоне, так і “ажыўляць” архітэктурную спадчыну непасрэдна на месцах, дзе стаялі будынкі раней, і нават фотаграфавацца побач з імі.
Мы зрабілі акцэнт на архітэктурнай спадчыне, бо для Брэста гэта вельмі актуальная праблема. Старажытны горад быў цалкам знішчаны і перанесены са свайго месца. Каб у свой час пабудаваць знакамітую Брэсцкую крэпасць, спатрэбілася зруйнаваць шмат забудоў і нават архітэктурных помнікаў. Па сутнасці, мы робім іх рэканструкцыю у 3D-фармаце.
Еўрарадыё: Атрымліваецца, што з дапамогай праграмы можна вандраваць па старажытным горадзе, якого фактычна ўжо няма?
Віктар Клімус: Так. Акрамя таго, у нас па двух аб’ектах падрыхтаваныя аўдыягіды, якія пра іх распавядаюць. Да іншых створаны тэкставыя апісанні, каб дапамагчы карыстальнікам паглыбіцца ў гісторыю канкрэтнага помніка архітэктуры.
Еўрарадыё: Колькі старажытных будынкаў вы ўжо так адбудавалі?
Віктар Клімус: Пакуль у нас ёсць сем мадэляў па Брэсце, а таксама бярозаўскі кляштар картэзіянцаў. У будучыні мы збіраемся ствараць не толькі архітэктурныя помнікі. Тэхналогія дазваляе выкласці ў 3D-выглядзе і нейкія арт-аб’екты, мемарыяльныя помнікі, знакі. Тое, што сёння немагчыма аднавіць на прасторах беларускіх гарадоў, можна проста візуалізаваць.
Еўрарадыё: Раскажы пра самыя прыгожыя.
Віктар Клімус: Знакавым аб’ектам для Брэста з’яўляецца комплекс бернардзінскіх кляштараў. Ён знаходзіўся побач з сучаснай Брэсцкай крэпасцю і нават часткова захаваўся ў форме руінаў. У горадзе было шмат дыскусій і спрэчак наконт яго рэканструкцыі і аднаўлення, але амаль за 30 гадоў незалежнасці Беларусі ў мясцовых уладаў так і не з’явілася ні грошай, ні найперш палітычнай волі гэтым займацца.
Думаю, была б воля — грошы б таксама знайшліся. У інфраструктуру горада ўкладзена вельмі шмат рэсурсаў, а вось аднаўленнем самага старога будынка, у прынцыпе, ніхто не займаўся. Ён нават нармальна не закансерваваны: увесь час зарастае хмызняком і толькі раз на пару год чысціўся падчас суботнікаў, якія арганізоўвалі грамадзяне.
Астатнія аб’екты не менш значныя і цікавыя. Гэта і езуіцкі калегіум, і петрапаўлаўская ўніяцкая царква, дзе была падпісаная Брэсцкая унія...
Еўрарадыё: Няўжо жыхары Брэста перасталі змагацца за аднаўленне старога горада?
Віктар Клімус: Брастаўчане неабыякавыя да гэтай тэмы, таму падымаюць яе на працягу дзесяцігоддзяў. Ёсць даследаванні ды іншыя навуковыя працы па гэтых аб’ектах. Калі мы задумалі свой праект, спадзяваліся, што больш людзей якасна пабачаць тую частку архітэктурнай спадчыны, якую мы страцілі.
Зразумела, што гэта будзе выклікаць цікаўнасць і запыт на тое, каб будынкі былі адноўленыя ў любым выглядзе. Мы зараз не кажам, што замест Брэсцкай крэпасці трэба будаваць стары горад. Наўрад ці гэты навадзел будзе апраўданы, бо Брэсцкая крэпасць сама па сабе помнік гісторыі і архітэктуры.
Але хацелася б неяк папулярызаваць гэты пласт гісторыі: візуалізаваць, піярыць падчас гарадскіх святаў, напрыклад, рабіць больш музейных экспанатаў. Пакуль з гэтым у горадзе ўсё вельмі кепска.
Я не ведаю добрых распрацовак ці экспазіцый за апошнія гады, якія тычацца гісторыі, старэйшай за Брэсцкую крэпасць. Таму наша мэта — візуалізацыя страчанай часткі гісторыі, якая нецікавая нашым ідэолагам, але моцна цікавая звычайным людзям.
Еўрарадыё: Шмат гістарычных аб’ектаў было зруйнавана па ўсёй краіне. Магчыма, віртуальна аднаўляць гістарычныя будынкі пры добрай камандзе можна было б па ўсёй Беларусі? Ці рэч не толькі ў камандзе?
Віктар Клімус: Каманда, рэсурсы... Тэхналагічна ўсё магчыма. Напрацоўкі, якія ў нас ужо ёсць, дазваляюць маштабаваць бібліятэку з любой колькасцью аб’ектаў. Сапраўды, гэта можа быць не толькі Брэст і не толькі архітэктурныя помнікі, а ўсё, што важна і цікава людзям.
Еўрарадыё: Наколькі гэта складана рабіць і чым можна дапамагчы?
Віктар Клімус: Дастаткова складана і доўга. Асобная частка — навуковыя даследаванні і мадэляванне. Узнаўленне саміх мадэляў, каб яны былі не выдуманымі, а правільнымі з пункту гледжання гісторыі.
Асобная частка — 3D-візуалізацыя, адаптацыя мадэляў пад макет AR. Далей — размяшчэнне на самой платформе і пазіцыянаванне. Так, гэта займае час.
Даследчая частка можа цягнуцца гадамі. Людзі вельмі карпатліва ставяцца да дадзеных, а іх не так шмат. Помнікі знішчаліся ў той перыяд, калі не было фотаапаратаў, дакладных замераў, таму знайсці інфармацыю досыць цяжка.
З тэхнічнага боку, каб адаптаваць адну мадэль пад праграму і запусціць у гатовым выглядзе, трэба пару тыдняў. Пры гэтым патрэбна праца розных спецыялістаў: архітэктараў-мадэльераў, 3D-мадэльераў ці дызайнераў, праграмістаў.
Еўрарадыё: І на ўсё патрэбныя сродкі…
Віктар Клімус: Безумоўна. Адзін аб’ект, калі не казаць пра працу энтузіястаў, каштуе каля 1500 долараў. Тэма цікавая, таму нам дапамагаюць. Я пакуль не гатовы агучыць імёны, бо жывём у такія часы, калі не ўсякую дабрачыннасць трэба выносіць на публіку. Але, калі хоча дапамагчы яшчэ нехта, пішыце на старонку праекта ў фэйсбук ці прыватна мне.
Еўрарадыё: Якія найбліжэйшыя планы?
Віктар Клімус: У лепшыя часы праграма разлічвалася на карыстальнікаў андроід- і iOS-гаджэтаў. У нас атрымалася аднавіць андроід-версію. Над iOS працуем, пакуль ёсць складанасці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.