Рэктары ВНУ хочуць павысіць парог прахадных балаў па профільных прадметах
Тэрмін рэгістрацыі на цэнтралізаванае тэставанне могуць скараціць з месяца да трох тыдняў. Такая прапанова прагучала 28 ліпеня на пасяджэнні рэспубліканскага савета рэктараў устаноў вышэйшай адукацыі, перадае БЕЛТА. У пасяджэнні прыняў удзел міністр адукацыі Ігар Карпенка.
Рэктары прапанавалі праводзіць рэгістрацыю на ЦТ з 10 траўня па 1 чэрвеня.
Таксама яны рэкамендавалі Мінадукацыі павысіць парогавыя значэнні прахадных балаў па профільных прадметах. Гэта дазволіць зрабіць прыём абітурыентаў у ВНУ больш якасным.
Пры гэтым рэктары адназначна падтрымалі ЦТ як аптымальную форму правядзення ўступных іспытаў. Разам з тым правілы прыёму ў ВНУ будуць ўдасканальвацца і далей.
напрыклад, прагучала прапанова каб на завочнае аддзяленне ВНУ (як на бюджэт, так і на платнае) выпускнікі сярэдніх навучальных установаў маглі паступаць толькі пры наяўнасці працоўнага стажу. Гэтую ініцыятыву падтрымаў міністр адукацыі. У той жа час было прапанвана падтрымліваць працуючых па спецыяльнасці выпускнікоў устаноў прафтэхадукацыі і каледжаў, а таксама абітурыентаў, якія прайшлі тэрміновую вайсковую службу або службу ў рэзерве i маюць рэкамендацыі вайсковых часцей.