Рэпартаж пра Лукашэнку на РТР-Беларусь не паспела выразаць цэнзура

У нядзелю ўвечары РТР-Беларусь у перадачы "Вести недели" паказаў рэпартаж пра інаўгурацыю Аляксандра Лукашэнкі. Нагадаем, матэрыялы расійскіх тэлеканалаў на гэтую тэму ў дзень інаўгурацыі былі выразаны беларускай цэнзурай, і гледачы ў Беларусі не змаглі ўбачыць меркаванне расійскіх журналістаў праз тэлебачанне.

У сённяшнім сюжэце распавялі, што на інаўгурацыі не было многіх звычайных для такой нагоды гасцей. Журналіст адзначыў, што паслы ўсіх краін Еўрасаюза знайшлі падставу з’ехаць з Беларусі.

РТР паказаў Лідзію Ярмошыну, якая адзначыла, што падрыхтавалася да інаўгурацыі. "Я пашыла касцюм і зрабіла макіяж — гэта вельмі шмат для жанчыны…". Расійскі тэлеканал нагадаў, што старшыня ЦВК ўславілася сваёй парадай апазіцыянеркам-жанчынам "сядзець у хаце, варыць боршч, а не шастаць па плошчах".

РТР паказаў, што нават на інаугурацыю Лукашэнка прыехаў з сынам. І нагадаў пра трохгадовага сына Андрэя Саннікава і Ірыны Халіп, якія знаходзяцца за кратамі. Расійскі тэлеканал паказаў маці Ірыны Халіп, якая прачытала ліст, што прыйшоў ад дачкі з СІЗА КДБ. Ірына не ведае, што адбываецца з яе сынам.

Журналіст адзначыў, што пасля нядаўніх выбараў адразу палова кандыдатаў у прэзідэнты трапіла за краты.

РТР паказаў, што яшчэ да пачатку акцыі пратэсту быў збіты Уладзімір Някляеў. Жонка кандыдата ў прэзідэнты Вольга Някляева пракаментавала, што збілі мужа спецслужбы.

Тэлеканал нагадаў і словы Лукашэнкі пасля інаўгурацыі: "Ніякіх "Майданаў" і ніякіх "Плошчаў" нашаму грамадству не пагражае".

У канцы сюжэту журналіст адзначыў, што задачы на бліжэйшую пяцігодку застаюцца такімі ж, як і раней: "рэспубліка павінна стаць моцнай і квітнеючай". І адзначыў, што адносіны Беларусі з найбуйнейшымі сусветнымі краінамі "альбо вельмі дрэнныя, альбо не вельмі добрыя".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі