Рэпетыцыя цэнтралізаванага іспыту пройдзе ў Беларусі 27 студзеня
Школьнікі ў Беларусі
Рэпетыцыя цэнтралізаванага іспыту пройдзе ў Беларусі 27 студзеня 2024 года. Для яе вызначаныя 144 пункты. Чакаецца, што ў ёй возьмуць удзел больш за 58 тысяч выпускнікоў, распавядае міністр адукацыі Андрэй Іванец:
"Працэдура пройдзе па аналогіі з мінулым годам. Плануецца, што апрацоўка вынікаў будзе праведзеная ў двухтыднёвы тэрмін, у трохтыднёвы тэрмін усе вынікі будуць даведзеныя ўжо да ўдзельнікаў рэпетыцыі".
Асаблівасцю рэпетыцыі цэнтралізаванага іспыту ў студзені стане тое, што яна пройдзе па ўсіх прадметах па выбары навучэнцаў, уключна з дзяржаўнай мовай — беларускай ці рускай. "Мінулую рэпетыцыю мы праводзілі толькі па экзамене "прадмет на выбар" без дзяржаўнай мовы. На гэты раз усе змогуць выбраць у тым ліку адну з дзяржаўных моў або іншы прадмет на выбар, які яны хочуць", — працягнуў міністр.
У гэтым навучальным годзе як пры правядзенні першага этапа рэпетыцыйнага тэсціравання, так і пры правядзенні наступных, а таксама на рэпетыцыі цэнтралізаванага іспыту будуць выкарыстаныя тэсты з заданнямі пятага ўзроўню складанасці. Гэта зроблена для таго, каб прывесці ў адпаведнасць крытэрыі ацэнкі ў школе да крытэрыяў ацэнкі цэнтралізаванага іспыту, які з'яўляецца выніковай формай атэстацыі выпускнікоў.
Плануецца, што ўласна цэнтралізаваны іспыт у гэтым навучальным годзе пройдзе 27 і 30 траўня. Гэта будуць асноўныя дні. У тыя ж даты будзе праведзена і цэнтралізаванае тэсціраванне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.