28 жніўня будуць судзіць палітвязня Змітра Дашкевіча
Закрытае паседжанне суда над лідарам міжнароднай арганізацыі "Малады фронт" (Чэхія) пройдзе ў папраўчай калоніі №13 у горадзе Глыбокім.
Нагадаем, маладафронтаўцаў Змітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава затрымалі 18 снежня 2010 года, напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Іх звінавацілі ў збіцці двух мінчукоў. Дашкевічу прысудзілі два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
У глыбоцкай калоніі на яго пачалі новую крымінальную справу — за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі. За гэта Дашкевічу пагражае да года пазбаўлення волі. Цяпер маладафронтаўцу застаецца адбыць меней за пяць месяцаў пакарання.
Па справе Дашкевіча ідзе каля 40 сведак: міліцыянтаў і зняволеных. Аднак невядома, ці ёсць хоць адзін сведка з боку Змітра. Сам ён адмовіўся ад абароны, бо лічыць гэты працэс незаконным і штучным.
Фота — bymedia.net