ААН хоча, каб КДБ вярнуў камп'ютары, забраныя 11 гадоў таму
Такое рашэнне прыняў Камітэт ААН па правах чалавека, разгледзеўшы скаргу Віктара Карняенкі.
Як нагадвае БелаПАН, у 2001 годзе супрацоўнікі КДБ забралі з офіса грамадскага аб'яднання "Грамадзянскія ініцыятывы" ўсю аргтэхніку. Гэтымі дзеяннямі яны сарвалі незалежнае назіранне за прэзідэнцкімі выбарамі.
Віктар Карняенка быў старшынёй аб'яднання "Грамадзянскія ініцыятывы", арганізаваў у рэгіёне незалежнае назіранне, падрыхтаваў каля 300 назіральнікаў. Супрацоўнікі КДБ канфіскавалі з офісу ўсю аргтэхніку. Паколькі забраныя камп'ютары і прынтары былі атрыманыя ад замежных фондаў, Карняенку звінавацілі ў выкарыстанні не па прызначэнні замежнай бязвыплатнай дапамогі. Апазіцыянера тады аштрафавалі на 615 долараў. А "Грамадзянскія ініцыятывы" былі ліквідаваныя праз суд.
Аспрэчваючы гэтае рашэнне, палітык дайшоў да Камітэта ААН па правах чалавека. Цяпер гэтая структура пастанавіла, што беларуская дзяржава парушыла права на асацыяцыі, права на свабоду атрымання і распаўсюду інфармацыі.
Акрамя вяртання аргтэхнікі дзяржава павінна кампенсаваць выпісаны штраф (615 долараў) і любыя юрыдычныя выдаткі.
Фота — belsat.eu