Аднаму жыхару Мар'інай Горкі цягніком адарвала руку, другога забіла токам
Тры надзвычайныя здарэнні адбыліся на працягу двух тыдняў на аб'ектах чыгуначнага транспарту ў Мінскай вобласці.
На станцыі Міханавічы пацярпеў 32-гадовы жыхар Мар'інай Горкі. Ён быў у стане алкагольнага ап'янення, калі ўначы вырашыў пракаціцца на таварным цягніку. На хаду заскочыў на платформу вагона, а праз нейкі час зваліўся і трапіў пад колы. У выніку, яму адрэзала руку.
На станцыі Пухавічы загінуў 31-гадовы жыхар Мар'інай Горкі. Ён цікавіўся, як уладкавана сістэма сілкавання цягнікоў ад сеткі электрычнага току. Залез на дах вагона грузавога цягніка, дзе і атрымаў смяротны ўдар токам.
Як паведамляе БелаПАН, яшчэ адзін няшчасны выпадак здарыўся пад Мінскам. На поўным хаду цягніка "Масква — Прага", разбіўшы акно, выскачыў з вагона пасажыр, 37-гадовы грамадзянін Украіны. Паранены, ён блукаў па горадзе, уцёк ад медыкаў. Затрымалі яго міліцыянты, якія і завезлі ў бальніцу. Украінец страціў шмат крыві і цяпер знаходзіцца ў рэанімацыі.