"Афіцыйны курс пакінулі, каб сказаць, што дэвальвацыю не праводзілі"

Нацбанк зняў абмежаванні на курс долара для прадпрыемстваў. На наступным тыдні адбудуцца першыя таргі па альтэрнатыўным курсе. Пра гэта паведаміў журналістам першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка Беларусі Мікалай Лузгін.


Раней на пазабіржавым рынку курс мог адхіляцца ад афіцыйнага толькі на 10%.


Эканаміст Сяргей Чалы кажа, што такі крок “рэанімуе” рынак.


Сяргей Чалы: “Зразумела, што гэты курс будзе адрознівацца ад афіцыйнага на дзесяткі працэнтаў, але ў кожным разе, прынамсі, ажывіць рынак і пойдуць здзелкі. Рэальны сектар (імпарцёры), прынамсі, змогуць працаваць”.


У выніку ўтворацца два курсы — афіцыйны і альтэрнатыўны. Нацбанк мяркуе, што з часам гэтыя курсы сыдуцца... Але па словах Сяргея Чалага, такое наўрад ці адбудзецца.


На гэты год калідор хістанняў беларускага рубля да кошыку валют (долар, еўра, расійскі рубель) быў вызначаны ў межах +/- 8%. Усё, што можа здарыцца з афіцыйным курсам , — яго рух да верхняй мяжы калідора.


Сяргей Чалы: “Зразумела, што той курс, які на наступным тыдні можа скласціся на біржы, хутчэй за ўсё, усё адно не будзе такім радыкальна высокім, як было на міжбанку — да 5 тысяч долар даходзіў. Ён будзе бліжэй да 4 тысяч…


Як далей будуць развівацца гэтыя курсы і ці будуць яны сыходзіцца — я вельмі моцна ў гэтым сумняюся. Хутчэй за ўсё, яны будуць адрознівацца паміж сабой на 3-4 дзесяткі працэнтаў. Фактычна гэта легалізацыя сістэмы множных валютных курсаў”.


У краіне будзе два валютныя курсы — афіцыйны і альтэрнатыўны… Што ў такім разе будзе з кошыкам валют? Ён будзе разлічвацца ў адпаведнасці з афіцыйным курсам. Сяргей Чалы кажа, што афіцыйны курс захавалі толькі дзеля таго, каб можна было сказаць, што дэвальвацыю не праводзілі — засталіся ў межах +/- 8%.


Сяргей Чалы: “Сэнс у чым? Для чаго застаецца афіцыйны курс? Менавіта для таго, каб сказаць, што мы дэвальвацыю не праводзілі. Проста гэтым “дрэнным” імпарцёрам-спекулянтам дазволілі гандляваць па тым курсе, па якім яны хочуць. І рабіць выгляд, што і для насельніцтва захоўваецца той самы курс”.


Паводле эканаміста, гэта ў чыстым выглядзе карупцыйны механізм.


Сяргей Чалы: “Адзіны лагічны сэнс, які я ў гэтым бачу, — захаваць магчымасць для абраных катэгорый юрыдычных асобаў набываць валюту па курсе, адрозным ад рыначнага (істотна ніжэй)”.


Што будзе з кошыкам валюты для звычайнага насельніцтва, абсалютна няважна, кажа эканаміст Леанід Заіка:


“Для асноўнай масы насельніцтва важна, як “паплывуць“ кошты. А кошты павінны “паплысці”.


Як адзначае эканаміст, надыйшоў час, калі “Беларусь пачне вязаць венікі”.


Леанід Заіка: “Закончылася, ці, прынамсі, мне б хацелася, каб закончылася гэта шырокая і абсалютна непатрэбная імпартаманія беларусаў. Самі рабіце мяцёлкі, рабіце граблі… Глядзіце, колькі імпартных дробязяў розных: нават мяцёлкі — кітайскія.


Мы цяпер уступілі ў такую пару, што мы столькі купляем імпарту, што для эканомікі гэта стала немагчымым. Раней казалі: Беларусь венікаў не вяжа. Цяпер будзе формула “Беларусь стала вязаць венікі”.


Практыка множнага курсу замежнай валюты дзейнічала у Беларусі ў 1990-я гады. Цікава, што калі тады яна лічылася “злом”, то цяпер множныя курсы выкарыстоўваюць як выратаванне...

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі